Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава "Рэха вайны"

З 20 чэрвеня 2022 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыта фотавыстава “Рэха вайны” са збору Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка імя А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае”.

Пушкінскі запаведнік – унікальны помнік рускай культуры нацыянальнага і сусветнага значэння. Міхайлаўскае, Трыгорскае, Пятроўскае, невялікі пасёлак Святыя Горы (зараз Пушкінскія Горы) са старадаўнім Святагорскім манастыром... Гэтыя мясціны аказаліся непарыўна звязаны з жыццём і творчасцю вялікага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Там, на старадаўняй Пскоўскай зямлі, падужэў талент і расцвёў паэтычны геній паэта. Сёння музей-запаведнік аб’ядноўвае мемарыяльныя сядзібы з іх цудоўнымі садамі і паркамі: радавы маёнтак сям’і Пушкіна – Міхайлаўскае, сядзібы сяброў і продкаў паэта – Трыгорскае і Пятроўскае. На тэрыторыі музея размешчаны дзеючы вадзяны млын, сялянскі двор, Музейная пошта, рамесны цэнтр, старажытныя гарадзішчы Саўкіна, Вароніч, Врэў і Велье. Але самай галоўнай святыняй гэтых мясцін з’яўляецца магіла А. С. Пушкіна, размешчаная ля сцен сабора Успення Божай Маці ў Святагорскім манастыры.

Сёння цяжка ўявіць, што тры гады падчас Вялікай Айчыннай вайны (з ліпеня 1941 г. па ліпень 1944 г.) гэтыя мясціны знаходзіліся ў акупацыі, што музей быў разрабаваны, а потым спалены, што выдатныя паркі былі перакапаны траншэямі, акопамі, а ў міхайлаўскіх гаях высечана 11 тыс. мемарыяльных дрэў для адпраўкі ў Германію. Пасля вызвалення Пушкінагорскага раёна 12 ліпеня 1944 г. на тэрыторыі Пушкінскага запаведніка было выяўлена і абясшкоджана 18 тыс. мін.

На выставе прадстаўлены фатаграфіі са збору Пушкінскага запаведніка з выявай мемарыяльных сядзіб, паркаў, магілы Пушкіна і Святагорскага манастыра, пасёлка Пушкінскія Горы. Усе яны зроблены ў перыяд з 1944 г. па 1947 г. і распавядаюць аб разбурэннях у пскоўскіх пушкінскіх мясцінах, акупаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а таксама аб першых кроках па аднаўленні музея пасля вызвалення раёна ў ліпені 1944 г.

Уваход на выставу па ўваходнаму білету ў музей.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Штодня з 11.00 да 19.00

Тэл.: 374 83 22, 365 48 27

histmuseum.by