Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Сула. Непарыўнае" ў Львоўскім гістарычным музеі

  • 12.07.2017

Выстава "Сула. Непарыўнае" – сумесны праект беларускага мастака Марыны Бацюковай і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Фатограф даследавала жыццё ў вёсках Неглюбка і Стаўбун Гомельскай вобласці падчас свята – абраду "Ваджэнне і пахаванне стралы (Сулы)". Марына Бацюкова з'яўляецца спецыялістам у галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы фота–даследаванняў: штодзённасць, псіхалагічны стан асобы, стасункі чалавека з навакольным асяроддзем і паводзіны чалавека ў грамадстве.

Абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы (Сулы)" звязаны з зямлёй, яе урадлівасцю, скіраваны на ўміласціўленне прыроднай стыхіі – маланкі–стралы. Традыцыя свята пакаленнямі застаецца нязменнай: жыхаркі вёскі прыбіраюцца ў нацыянальныя касцюмы, спяваюць і ідуць насустрач адзін аднаму з розных бакоў вёскі, пакуль не самкнуцца ў адным карагодзе, ідуць, бесперапынна спяваючы да жыта. Нібы ткуць ручнік – дарогу радасці, шчасця і дабрабыту. Водзяць карагоды і спяваюць, потым закопваюць у зямлю «Сулу» – хаваюць цёмную сілу разбурэння, ператвараючы ў дабро, багацце і поспех. Збіраюць абярэгі–каласкі, падаюць і катаюцца ў жыце, убіраючы ў сябе сілу і здароўе.

Абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы (Сулы)" уключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека і з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка–культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.