Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "ЗАМАК НА ПЕРАДАВОЙ. Да 100–годдзя разбурэння Крэўскага замка ў Першай сусветнай вайне."

  • 20.07.2017

20 ліпеня 2017 года а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстаўка "ЗАМАК НА ПЕРАДАВОЙ. Да 100–годдзя разбурэння Крэўскага замка ў Першай сусветнай вайне. Фотаздымкі 1915 – 1917 гг. з калекцыі Уладзіміра Багданава".

Замак у вёсцы Крэва Смаргонскага раёна – адно з самых старажытных абарончых збудаванняў, якія захаваліся ў Беларусі. Пабудаваны ў пачатку ХІV стагоддзя і за сем стагоддзяў існавання не раз станавіўся арэнай барацьбы за ўладу, падвяргаўся штурмам і аблогам.

Большасці людзей Крэўскі замак вядомы перш за ўсё яго роляй у падзеях дзяржаўнага маштабу. У 1382 годзе ў падзямеллях галоўнай вежы быў задушаны вялікі князь Кейстут па загадзе свайго пляменніка Ягайлы, а будучы вялікі князь Вітаўт ледзь быў выратаваны. У 1385 годзе тут жа была падпісана Крэўская унія, якая аб'яднала Вялікае княства Літоўскае і Польшчу. Тут бярэ пачатак еўрапейская каралеўская дынастыя Ягелонаў. Замак не раз атакавалі мяцежныя князі, маскоўскія ваяводы, перакопскія татары.

Унікальнасць сярэднявечнага фартыфікацыйнага аб'екта яшчэ і ў тым, што ў рэальных баявых дзеяннях Крэўскі замак ўдзельнічаў параўнальна нядаўна, а свой апошні бой прыняў роўна 100 гадоў назад – 21 ліпеня 1917 года. Старадаўнія муры былі ператвораныя ў руіны самай сучаснай на той момант артылерыяй ХХ стагоддзя.

Самым напружаным баявым перыядам у шматвяковай гісторыі замка сталі падзеі Першай сусветнай вайны. Гэтая частка біяграфіі архітэктурнага помніка вывучана пакуль недастаткова. А між тым, у яго сцен ніколі не было такога доўгага і зацятага супрацьстаяння, як паміж войскамі Расійскай і Германскай імперый. Два з паловай гады – з верасня 1915 да лютага 1918 – замак знаходзіўся ў літаральным сэнсе на перадавой, быўшы уключаны ў нямецкую лінію абароны.

Замак дастаўся немцам грунтоўна разбураным, але ў баяздольным стане. Да таго ж за гады вайны яны грунтоўна ўмацавалі яго. Не выпадкова ў расійскіх частках, што стаялі каля Крэва, "замак Гедыміна" называлі "ключом нямецкай абароны" на дадзеным участку.

На выставе, арганізаванай да 100–гадовага юбілею драматычных падзей, будзе прадстаўлены шэраг унікальных фатаграфій з калекцыі Уладзіміра Багданава. Большасць іх захоўваліся ў асабістых альбомах удзельнікаў Першай сусветнай вайны і ніколі не публікаваліся. Прадстаўленыя фота дазваляюць прасачыць гісторыю разбурэння замка, убачыць невядомыя ракурсы, параўнаць іх з цяперашнім станам старажытных сцен.

У рамках прадстаўленай выставы Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь дорыць экскурсію па крэпасці ў фармаце 3D - акуляры віртуальнай рэальнасці, з дапамогай якіх наведвальнік зможа разгледзець абарончае збудаванне з дзесяці розных ракурсаў пры аглядзе ў 360 градусаў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22