Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "IND-БЕЛ-ART"

  • 10.08.2017

10 жніўня 2017 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу выстаўка «IND–БЕЛ–ART».

У лютым 2017г. група беларускіх мастакоў (Рыгор Сітніца, Юрый Хілько, Дар’я Бунеева і Вера Ягоўдзік) здзейсніла творчую паездку ў Індыю. Арганізатарамі праграмы, якая была прымеркавана да юбілею ўсталявання дыпламатычных стасункаў Беларусі і Індыі, выступілі Пасольства Індыі ў Рэспубліцы Беларусь, ICCR (Indian Council for Cultural Relations / Індыйскі Савет па Культурных Зносінах) і Беларускі саюз мастакоў.

За час паездкі мастакі пабывалі не толькі ў сталіцы Індыі, Нью Дэлі, але і ў рэгіёнах: на поўдні краіны, у горадзе Кочы (штат Керала), на захадзе (гарады Мумбай, Аўрангабад) і інш. Праграма ўключала знаёмства з найбольш знакавымі архітэктурнымі помнікамі (Тадж Махал, Элора, Аджанта ды інш.), наведванне музеяў, галерэй, навучальных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне мастацкай адукацыі, а таксама сустрэчы з індыйскімі мастакамі.

Вынікам паездкі стала выстаўка «IND–БЕЛ–ART», на якой мастакі–ўдзельнікі праграмы пакажуць жывапісныя і графічныя творы, выкананыя па ўражаннях сваёй паездкі. Таксама на выстаўцы наведвальнікі змогуць пабачыць прадметы, якія прадаставіла Пасольства Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь: сары, статуэткі, кубкі і інш.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22