Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



“Херувім–пуці”

  • 21.08.2017

Працягваем знаёміць з музейнымі прадметамі, якія ўвойдуць у экспазіцыю “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”.

Нацыянальны Полацкі гісторыка–культурны музей–запаведнік поруч з пячаткай прападобнай Еўфрасінні Полацкай прэзентуе на выставе фрагменты сценапісу Спаса–Праабражэнскай царквы, якія датуюцца 19 стагоддзем.

Па словах загадчыцы Карціннай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка–культурнага музея–запаведніка Ларысы Лысенка, расійскія і беларускія рэстаўратары здзейснілі сапраўдны цуд: “Такая тэхналогія адпластавання насценнага роспісу, з якой яны працуюць, не мае аналагаў у практыцы краін СНД, а ў сусветнай практыцы такі вопыт адзіны. Яе ўнікальнасць у тым, што яна дае магчымасць захаваць культурныя пласты адразу некалькіх стагоддзяў”.

У Спаса–Праабражэнскай царкве – тры пласты сценапісу. Першы датуецца 12 стагоддзем, фрэскі выкананы візантыйскімі майстрамі, якіх запрасіла Еўфрасіння Полацкая. Фрэскі амаль поўнасцю захаваліся. Пазнейшы сценапіс быў створаны алейнымі фарбамі ў 1839 і 1885 гадах – ён і будзе паказаны на выставе. Пра ўнікальную тэхналогію адпластавання фарбавых пластоў наведвальнікам распавядуць супрацоўнікі музея ў ходзе экскурсій.

“Херувім–пуці”. Фрагмент сценапісу Спаса–Праабражэнскай царквы Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. 1837 г. Са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка–культурнага музея–запаведніка.