Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Натура, якая сыходзіць"

  • 23.08.2017

23 жніўня 2017 года а 16–й гадзіне у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выставы "Натура, якая сыходзіць" аўтарскай лялькі Валерыі Гайшун.

Валерыя Гайшун нарадзілася ў Ленінградзе і праз некаторы час, пераехала разам з сям'ёй на радзіму маці ў Бабруйск. Лялечная яўрэйская гісторыя ў жыцці мастачкі пачалася не так даўно.

Майстар стварае лялькі з воўны ў тэхніцы сухога валяння. Усе персанажы – габрэі з мінулых часоў, з СССР, людзі, якіх Валерыя памятае з часоў свайго дзяцінства. Яе працы прысвечаны гэтым людзям, у тым ліку – яе любімаму дзядулі, таму ў яе лялек ёсць імёны і свая гісторыя. Праз свае лялькі майстар імкнецца перадаць габрэйскія традыцыі і дух народа. Кожная лялька мае свой вобраз і характар. Сярод іх – эпатажная прыгажуня Эстэр Фейгел, адухоўлены эмігрант Фіма, шчаслівыя маладыя Навум і Фіра, задуменны крытык Аркадзь Язэпавіч. Апошняя лялька, дарэчы, муж Валерыі. Усе, хто натхнялі Валерыю, знайшлі сваё адлюстраванне ў рысах ваўняных чалавечкаў.

Выставы Валерыі Гайшун праходзілі ў розных гарадах і краінах.

У 2012 годзе была праведзена выстава ў Галерэі "Ў", "Пятая графа" ў рамках мерапрыемства «Вянок дружбы» ў Бабруйску.

У 2013 годзе арганізавана выстаўка "У пошуках страчанага» у Арт–галерэі М. Шагала ў Віцебску.

У 2015 г. выстава «Кухня габрэйскага мястэчка, якога больш няма» ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

У 2016 г. выстава «Persona grata» ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама выстава ў Магілёве "Усё праходзіць".

У гэтым годзе была праведзена выстава пад назвай «Зоркі над мястэчкам». Удзельнічала ў выставах у Санкт–Пецярбургу і Маскве.

У жыхароў і гасцей горада Мінска зноў з'явіцца магчымасць убачыць унікальныя яўрэйскія лялькі, выдатнага майстра Валерыі Гайшун. Рады бачыць усіх на нашай выставе ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Магчыма і вы зможаце пазнаць сябе!

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г.Мінск, зав. Музычны, 5

штодня з 10.00 да 17.30

тэл. 220 26 67

theatre–museum.by

#dommasonay