Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Паэма Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”

  • 24.08.2017

Сярод кніжных выданняў, прадстаўленых на выставе “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”, – паэма Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Кніга пабачыла свет у Санкт–Пецярбургу ў 1908 годзе. Выданне было ажыццёўлена суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Першае легальнае выдавецтва ўзнікла ў выніку ўказа імператара Мікалая ІІ, якім дазвалялася ўжываць мясцовыя мовы ў заходніх губернях Расійскай імперыі. За час свайго існавання з 1906 па 1914 год “Загляне сонца і ў наша ваконца” выдала 10 кніг беларускіх аўтараў – Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна–Марцінкевіча, Янкі Купалы – а таксама каля 10 паштовак на беларускую тэматыку.

Паэма “Пан Тадэвуш” створана Адамам Міцкевічам падчас яго эміграцыі ў Парыжы ў 1832–1834 гадах. Падзеі, якія апісваюцца ў творы, адбываюцца на працягу 1811–1812 гадоў, напярэдадні нашэсця Напалеона. Месца – Навагрудчына, героі паэмы – мясцовая патрыятычна настроеная шляхта, дамінуючы матыў – развітанне са старым феадальным і нараджэнне новага свету, які прадстаўлены асноўнымі героямі – Тадэвушам і Зосяй.

Галоўны твор Адама Міцкевіча, прасякнуты любоўю да Радзімы, перакладзены на больш за 25 замежных моў.

Выданне паэмы “Пан Тадэвуш” 1908 года захоўваецца ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.