Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Мітра–карона 19 стагоддзя

  • 05.09.2017

У адной з вітрын экспазіцыі “Беларусь: адраджэнне духоўнасці” прадстаўлены мітры праваслаўных святароў. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “мітра” азначае “галаўная павязка, пояс”. Яна сімвалізуе цярновы вянок Ісуса Хрыста. Як правіла, мітра ўпрыгожана невялікімі абразкамі з выявамі Ісуса Хрыста, Маці Божай, Іана Папярэдніка, святых, праваслаўных святаў.

Асаблівую цікавасць ўяўляе г.зв. мітра–карона як адна з разнавіднасцяў праваслаўнай мітры. У мітры–кароны над ніжным поясам зроблены зубчаты вянец, які сімвалізуе пакуты Збавіцеля. Да 18 стагоддзя такі тып мітры быў асноўным.

Выраблены ў 19 стагоддзі на тэрыторыі Расійскай імперыі, гэты рэдкі музейны прадмет захоўваецца ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.