Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Заключэнне Мемарандума аб супрацоўніцтве з музеямі Рэспубліцы Сербія і Румыніi

  • 13.09.2017

З 1 па 5 верасня 2017 года ў Рэспубліцы Сербія і Румынія знаходзілася дэлегацыя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

1 верасня 2017 года ў межах візіту ў Рэспубліку Сербія прадстаўнікі Нацыянальнага гістарычнага музею Рэспублікі Беларусь заключылі Мемарандум аб супрацоўніцтве з Этнаграфічным музеем Бялграда і Краявым музеем Ваяводзіны ў г. Нові–Сад. Этнаграфічны музей Бялграда – адзін з найстарэйшых этнаграфічных музеяў на Балканскім паўвостраве, валодае адной з самых вялікіх бібліятэк на Балканах. Музей Ваяводзіны, які ў 2010 годзе атрымаў статус музея года, захоўвае найбагацейшую мастацкую калекцыю ў краіне. У Этнаграфічным музеі Бялграда экспанаваліся перасоўныя выставы “Беларусь і беларусы” і “Беларусь сучасная”, а ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія была падрыхтавана да экспанавання выстава 11 мастацкіх работ беларускіх аўтараў “Мой родны кут, як ты мне мілы”. На працягу візіту адбыліся сустрэчы членаў дэлегацыі з прадстаўнікамі Міністэрства культуры і інфармацыі Сербіі, Сакратарыяту па культуры Бялграда. Былі абмеркаваны пытанні стану і перспектыў развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва, падкрэслена неабходнасць далейшага развіцця ўзаемавыгадных кантактаў у музейнай галіне. У мерапрыемствах прынялі ўдзел ганаровы консул Беларусі ў Бялградзе, дэпутат парламента Сербіі Д. Карыч, кіраўнікі і прадстаўнікі музейных устаноў Сербіі, дзеячы культуры, прадстаўнікі СМІ.

У выніку перамоў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь выявіў зацікаўленасць у рэалізацыі шэрагу выставачных праектаў у Рэспубліцы Сербія, такіх як фотавыстава, прысвечаная візітам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнкі ў Рэспубліку Сербія; фотавыстава, прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у паркавай зоне ля ракі Сава (г. Бялград); рэалізацыі выставачных праектаў у горадзе Нові–Сад, а таксама ў Этнаграфічным музеі Бялграда.

4 верасня 2017 года на румынскай тэрыторыі быў заключаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным гістарычным музеем Румыніі, а таксама Нацыянальным музеем Брукенталя, якія з’яўляюцца найбуйнейшымі румынскімі музеямі. У Нацыянальным гістарычным музеі Румыніі экспанаваліся перасоўныя выставы “Беларусь і беларусы” і “Беларусь сучасная”. На працягу візіту адбыліся сустрэчы членаў дэлегацыі з прадстаўнікамі Міністэрства культуры Румыніі.

Па выніках сустрэч былі дасягнуты папярэднія дамоўленасці ў рэалізацыі шэрагу выставачных праектаў у Румыніі. З Нацыянальным музеем гісторыі Румыніі абмеркавана магчымасць стварэння сумеснай выставы, прысвечанай гандлёвым шляхам Балтыйскага і Чорнага мора. З Нацыянальным музеем Брукенталя дасягнута дамоўленасць аб экспанаванні фондавых прадметаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, фатаграфій Ісака Сербава, у межах вялікага картаграфічнага праекта (сакавік – май 2018 г.).

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12

Тэл. для даведак (017) 327 43 22