Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Валянцін Елізар’еў. Балет- мастацтва душы" (да 70-годдзя харэографа)

  • 28.11.2017

Валянцін Елізар'еў – беларускі балетмайстар, харэограф сусветнага ўзроўню, з імем якога звязаны ўсе значымыя поспехі беларускага балета. На працягу 35 гадоў ён узначальваў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, стварыў больш за 15 спектакляў у Беларусі. Першы балет Елізар'ева "Кармэн–сюіта", пастаўлены ім ва ўзросце 26 гадоў, стаў сапраўднай сенсацыяй. Балеты «Стварэнне свету», «Спартак», «Шчаўкунчык», «Карміна Бурана», «Балеро», «Вясна святая», «Рамэо і Джульета», «Страсці (Рагнеда)», «Жар–птушка» – найвялікшая спадчына сусветнага мастацтва.

Валянцін Елізар'еў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Баку, пазней з усёй сям'ёй пераехаў у Беларусь. Творчая дзейнасць Валянціна Елізар'ева пачалася яшчэ падчас вучобы ў Ленінградскім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы ім. Ваганавай і затым у Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага–Корсакава. У 1970 г. стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў у Маскве. Як адзін з адораных выпускнікоў, якія маюць шэраг самастойных пастановак, ў 1973 годзе запрошаны ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусі на пасаду галоўнага балетмайстра.

Валянцін Елізар'еў – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнік ордэна Дружбы народаў, ордэна Айчыны II і III ступені, ордэна Францыска Скарыны, медалі Дружбы, медалі Пушкіна, медалі «Benedictus XVI Pont Max Anno III», медалі ЮНЕСКА "Пяць кантынентаў», прэміі Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў, прэміі Міжнароднага і Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў за лепшую сучасную харэаграфію, прыза «Benois de la danse» Міжнароднай асацыяцыі танца, Нацыянальнай тэатральнай прэміі, узнагароджаны ганаровымі граматамі і нагруднымі знакамі вышэйшага ўзроўню.

Сёння Валянцін Мікалаевіч з'яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і працягвае сваю творчую дзейнасць у вядучых тэатрах Еўропы, Японіі, Кітая, краін Блізкага Ўсходу.

Падчас адкрыцця, выстаўка з усімі прадстаўленымі экспанатамі, будзе падаравана вялікім харэографам Елізар’евым Валянцінам Мікалаевічам Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Наш адрас: г. Мінск (Верхні горад),

Музычны завулак, 5

Тэлефон для даведак 220–26–67

theatre–museum.by

#dommasonay