Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Час шукаць"

  • 11.01.2018

Гасцёўня Уладзіслава Галубка прадстаўляе персанальную выставу жывапісу беларускай мастачкі, члена моладзевай секцыі саюза мастакоў Беларусі, Сняжаны Віцецкай «Час шукаць».

Мастачка звяртаецца да этычных нормаў, якія чалавецтва выпрацавала ў сваім развіцці. Для таго, каб мараль і духоўнасць не сышлі ў нябыт, Сняжана сцвярджае значнасць такіх паняццяў як "каханне", "дабрыня", "вернасць", "сяброўства", "абавязак".

У сваім імкненні да ўяўнага незямнога шчасця, яе персанажы – пры знешняй разнастайнасці – ўнутрана падобныя паміж сабой. Іх асяроддзе напоўнена водарам мудрагелістых кветак, шчэбетам незвычайных птушак, веліччам архітэктурных куліс, ледзь чутным рэхам стагоддзяў на гадзінах.

Запаволенае дзеянне перацякае з аднаго твора ў іншае; застываючы на нейкае імгненне, становіцца даступным для гледача. Па–за часам успрымаюцца фігуры прыгажунь. Канцэнтруючы ўвагу пераважна на жаночых вобразах, Сняжана Віцецкая стварае партрэты прывабных у сваёй непазбыўнай красе прадстаўніц слабага полу – безабаронных, вытанчаных, летуценных. Мастачка апранае іх у старадаўнія сукенкі, падкрэсліваючы загадкавасць стылізацыяй то адзення шляхцянак з сармацкіх партрэтаў, то этнічных касцюмаў. Яна стварае містычнае і зменлівае ў сваёй таямнічасці духоўнае аблічча жанчыны, якая глядзіць на свет шырока адкрытымі вачыма, выпраменьваючы адвечную прыгажосць сусвету. Аўтар заклікае сучаснікаў знайсці ў сабе узнёслае, некранутае шэрасцю будзённай рэчаіснасці святло, якое можа гарэць ярка, а можа ледзь тлець, але заўсёды дапамагае не згубіць надзею.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г.Мінск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных: з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак: (017) 286–74–03