Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Great Britain"

  • 31.01.2018

З 31 студзеня па 18 лютага 2018 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе адкрыта выстава «Great Britain». Гэта сумесны адукацыйны праект мастачкі Антаніны Петрыкоўскай і музея, дзе праз карціны, музейныя прадметы, кніжныя выданні можна даведацца больш пра Вялікабрытанію, яе гісторыю, культуру і мастацтва.

Антаніна Петрыкоўская нарадзілася і вырасла ў Казахстане. У Маскве атрымала спецыяльнасць інжынера–электроніка, па размеркаванні прыехала ў Мінск. Скончыла курс прадзюсэра ў Міжнародным вучэбным медыяцэнтры ў Даніі. Працавала пры Беларускім саюзе кінематаграфістаў у камандзе па арганізацыі Міжнародных жаночых фестываляў у 1995–1998 гг., Міжнародным грамадскім аб’яднанні жанчын «Інтэрфорум» у якасці менеджэра культурных праектаў. На працягу 6 гадоў рабіла праекты для Упраўлення ААН у Беларусі. У 2003–2004 гг. выступала ініцыятарам і арганізатарам Міжнароднага фестываля для дзяцей «Крыштальны бусел» – фестываля відэафільмаў, створаных дзецьмі да 18 гадоў. Да 2007 г. была прадзюсэрам фестываля ў Фондзе па выяўленні і падтрымцы талентаў трэцяга тысячагоддзя.

Антаніна Петрыкоўская заўсёды любіла маляваць, але лічыла гэта сваім хобі, якое стала сур’ёзнай часткаю жыцця мастачкі. Яе творы знаходяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і Вялікабрытаніі.

Вялікабрытанію мастачка ўпершыню наведала ў 2003 г. і была настолькі ўражана краінай, яе гісторыяй, мастацтвам і літаратурай, што гэта стало вядучай тэмай яе жывапісу.

Пейзажы Антаніны Петрыкоўскай выкананы ў рэалістычнай манеры, але пры гэтым на дзіва рамантычныя і паэтычныя па настрою, напоўнены святлом і паветрам, любоўю да старой Англіі, дзе кожны камень, дрэва, травінка маюць нейкую сваю гісторыю.

Асаблівасць выставы «Great Britain» у тым, што некаторыя карціны можна будзе пабачыць толькі аднойчы – на выставе: мастачка мае намер перадаць у дар частку карцін арганізацыі National Trust (UK), якая займаецца захаваннем гістарычных будынкаў, помнікаў і месц Вялікабрытаніі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22