Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Сонечная вяршыня"

  • 25.01.2018

25 студзеня 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу персанальная выстава жывапісу Ганны Конанавай «Сонечная вяршыня». Экспазіцыя ўключае больш за 70 твораў у тэхніцы алейнага жывапісу. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 6 лютага. Выстава будзе працаваць да 25 лютага.

Ганна Уладзіміраўна Конанава нарадзілася ў горадзе Магілёве (1986). У 2005 годзе скончыла Рэспубліканскі мастацкі комплекс “гімназія каледж мастацтваў імя. І.В.Ахрэмчыка”. У 2011 – установу адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”, мастацкі факультэт, напрамак “Жывапіс станковы” (дыплом з адзнакай); 2012 – магістратуру БДАМ, напрамак «Мастацтвазнаўства». У Акадэміі вучылася ў вядомых мастакоў і выкладчыкаў М.Данцыга, У.Тоўсціка, М.Кірэева. У 2011 годзе залічана ў сябры ГА “Беларускі саюз мастакоў”. З 2012 года выкладала на кафедры малюнка, жывапісу, скульптуры ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”, з 2018 – дацэнт кафедры жывапісу БДАМ. З 06.09.2017 года – дэкан мастацкага факультэта БДАМ. У 2015 годзе скончыла аспірантуру дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». З’яўляецца лаўрэатам стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам на 2015 год. У 2016 годзе Г.Конанавай была абаронена дысертацыя на тэму «Функцыі святла ў станковым жывапісе Беларусі ХХ – пачатку ХХI стагоддзя» і прысуджана вучоная ступень кандыдата мастацтвазнаўства. Стыпендыят (2004), Лаўрэат (2009) і Дыпламант (2010) Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі. Член Міжнароднага творчага аб’яднання «Slikarski uranak» (Сербія, 2008). Творы знаходзяцца ў фондах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава, установы культуры “Музей гісторыі Магілёва”, галерэі «Stopka» (г.Ломжа, Польшча), галерэі аб’яднання «Slikarski uranak» (г.Будва, Чарнагорыя), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чарнагорыі, Сербіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, В’етнама.

Ганна Конанава з’яўляецца танцоўшчыцай фламенка. Вучылася ў такіх зорак як Ла Труко, Наталля Мерыньо, Пэдра Кордаба, Марына Клаўдыя, Ёланда Эрэдыя, Пэпа Маліна, Урсула Марэна, Кармэн Ла Талегона, Чыки дэ Херэс і інш. У 2014 м годзе Ганна стала ўладальнікам сярэбранай прэміі Інстытута фламенка Ла Труко на VI Міжнародным курсе фламенка ў Мадрыдзе.

Экспазіцыя выставы «Сонечная вяршыня» уяўляе поліжанравы канцэпт твораў розных перыядаў і разнастайнасці задач творчага станаўлення аўтара: гады вучобы ў Акадэміі, пленэрны жывапіс беларускага, чарнагорскага, польскага, каўказскага цыклаў.

Тэму выставы вызначыў аднайменны твор, створаны на Паўночным Каўказе ў маі 2017 года, падчас творчай камандзіроўкі мастака ад Акадэміі мастацтваў – удзел у V м Міжнародным адкрытым фестывалі пленэрнага жывапісу “Грэчышкінская вясна 2017”, прысвечаным Заслужанаму мастаку РСФСР П.М. Грэчышкіну. Вясновая прырода Стаўрапольскага краю ў гэты час прапаноўвала жывапісцам палітру тонкіх адносін серабрыстага каларыту: перманентны дождж і белы туман, які скрываў ад вачэй сілуэты вяршыняў. Раптоўнае з’яўленне сонца над горным ландшафтам спараджала творчы інсайт. Убачыць залітую сонцам вяршыню на фоне неба здавалася цудам. І раптам яна паказалася...

Пісаць сонца – гэта мэта напачатку творчага шляху фарміравалася падсвядома, была прагай сэрца мастака. У далейшым – суб’ектыўнае адчуванне і шматлікія назіранні за святлом у рэальным жыцці выліліся ў мэтанакіраваную працу з тэмай святла на ўзроўні галоўнай творчай задачы. Таму невыпадкова, вынашана нарадзілася ідэя персанальнага праекта выставы «Хада па сонцы», якая экспанавалася ў залах галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у маі 2013 года. Тэма хаджэння па сонцы прадставіла сябе як складанае зборнае паняцце, якое аб’ядноўвае цуд святла ў паўсядзённым асяроддзі чалавека і сэнс духоўнага святла, адсылае да евангельскага цуду хаджэння па водах: «калі фізічнае святло асвятляла зямлю, яна ператваралася ў “белую дарогу”: і рабілася на зямлі як на небе” (Г.Конанава, са слоў ад аўтара ў анатацыі да выставы). Раскрыццё тэмы падарожжа па свеце і хаджэння па сонцы планавалася ў серыі праектаў, у якіх мэтанакіраваная праца мастака са святлом выступае як інтэнцыянальны канцэпт тэлеалагізм.

«Сонечная вяршыня» – гэта другі праект серыі. Вобраз сонечнай вяршыні можна інтэрпрэтаваць як кірунак творчых пошукаў, як анталагічны сэнс мэты кожнага чалавека, кожнага мастака. Прысутнасць святла ў рэальным жыцці для Ганны Конанавай – гэта маўклівае самадастатковае шматграннае прамаўленне Духа – і відавочнае, і схаванае ў звычайным і штодзённым.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22