Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Традыцыйная мастацкая культура Беларусі"

  • 08.02.2018

8 лютага 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя прадметаў з калекцыі доктара мастацтвазнаўства Я.М. Сахуты, набытых музеем у мінулым годзе, і адкрыццё часовай экспазіцыі «Традыцыйная мастацкая культура Беларусі». Праект рэалізуецца пры падтрымцы генеральнага партнёра музея – кампаніі Japan Tobacco International (JTI).

Калекцыя Яўгена Міхайлавіча Сахуты перш за ўсё мае мемарыяльную каштоўнасць, што тлумачыцца значнасцю для беларускай культуры і навукі асобы збіральніка. Я.М. Сахута – першы доктар мастацтвазнаўства ў галіне народнага мастацтва (з 1996 г.), прафесар, старшыня Беларускага саюза народнай творчасці (з 1992 г.), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996) і лаўрэат прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2008). Як выдатны знаўца традыцыйных народных рамёстваў, Я.М. Сахута падчас экспедыцый па розных рэгіёнах Беларусі фарміраваў свой збор з найбольш знакавых для айчыннай мастацкай культуры твораў дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва. У яго ўвайшлі ўзоры амаль усіх відаў традыцыйнага народнага мастацтва Беларусі – кераміка, іканапіс, разьба па дрэве, мастацкі метал і г.д.

На экспазіцыі будуць прадэманстраваны прадметы традыцыйна–побытавай этнаграфіі (талеркі–хлебніцы, цуркі, плеценыя карзінкі, табакеркі, прасніцы), калекцыя керамічных вырабаў (¬цацкі–свісцёлкі, розныя віды керамікі: чорназадымленая, гартаваная, непаліваная і паліваная), мастацкі метал (валдайскія званы, дзвярныя клямкі, ключы), шэдэўры іканапісу, якія адносяцца да розных перыядаў беларускай гісторыі, драўляная разьбяная скульптура. Сярод прадстаўленых экспанатаў можна будзе ўбачыць велікодныя яйкі–пісанкі, якія па прычыне сваёй крохкай структуры складана захоўваюцца і таму рэдка экспануюцца ў музеях.

Вялікую гістарычную і культурную значнасць маюць абразы на шкле, якія з’яўляюцца спецыфічным прыкладам больш позняга народнага мастацтва (традыцыя з’явілася толькі ў пачатку ХХ стагоддзя і доўга не праіснавала). У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь дадзены роспіс на шкле на рэлігійную тэму будзе прадстаўлены ўпершыню.

«Дапамога ў справе захавання і папулярызацыі нацыянальнай гісторыка–культурнай спадчыны з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці, якую наша кампанія ў рамках карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ажыццяўляе ў сацыякультурнай сферы. Народнае мастацтва Беларусі, прадстаўленае ў калекцыі, захоўвае культурны код Беларусі, і мы ганарымся сваёй прыналежнасцю да гэтага важнага праекта», – адзначыў намеснік генеральнага менеджэра JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў.

Экспазіцыю можна будзе наведаць з 8 па 25 лютага 2018 года.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: (017) 327–43–22