Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Сведка часу”

  • 02.03.2018

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Дом–музей I з'езда РСДРП” з 2 па 18 сакавіка 2018 года будзе праходзіць юбілейная выстава “Сведка часу”, прысвечаная 95–годдзю Дома–музея і 120–годдзю I з'езда РСДРП.

У 2018 годзе спаўняецца 95 гадоў з дня адкрыцця Дома–музея I з'езда РСДРП, а таксама 120 гадоў з моманту правядзення I з'езда РСДРП. На працягу амаль стагоддзя Дом–музей адзін з самых знакавых турыстычных аб'ектаў г.Мінска, сведка многіх гістарычных падзей жыцця горада і краіны.

За гады існавання музея яго наведалі шматлікія дэлегацыі і палітычныя дзеячы розных краін свету, сярод якіх кубінскі лідэр Фідэль Кастра, Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Кампартыі Югаславіі Іосіп Броз Ціта, кіраўнік ГДР Вальтэр Ульбрыхт і многія іншыя. Гэтаму музею прысвячалі свае вершы беларускія паэты Пятрусь Броўка, Мікалай Аўрамчык, Эдзі Агняцвет, туркменскі паэт Рухі Аліеў, балгарскі Найдзен Вылчаў і многія іншыя.

Адкрыты ў 1923 годзе, музей сёння з'яўляецца адным з найстарэйшых у Рэспубліцы Беларусь. Падрыхтаваная сумесна з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам навукова–тэхнічнай дакументацыі юбілейная выстава знаёміць з матэрыяламі, якія адносяцца да гісторыі дома па вул. Захар'еўскай, а таксама да створаннага ў ім музея.

Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з рэдкімі фатаграфіямі, якія захавалі гістарычныя моманты з жыцця Дома–музея, а таксама з кнігамі, перыядычнымі выданнямі і іншымі матэрыяламі, якія маюць дачыненне да яго гісторыі.

Чакаем Вас на юбілейнай выставе “Сведка часу”!

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31А

Штодня з 11.00 да 19.00, без выходных

Тэл. для даведак: 290–68–47

www.domusmuseum.histmuseum.by

www.facebook.com/domusmuseum

www.vk.com/domusmuseum