Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “1918: БНР – Ідэя. Край. Дзяржава (Крок да Незалежнасці)”

  • 15.03.2018

З 15 сакавіка ў музеі пачынае працаваць выстава “1918: БНР – Ідэя. Край. Дзяржава (Крок да Незалежнасці)”, прымеркаваная да 100–годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

У ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года, на чацвёрты год Першай сусветнай вайны, пасля дзвюх рэвалюцый, зрыву перамоваў аб міры, імклівага наступлення нямецкіх войск (падчас якога было занята да 85% краю), ва ўмовах ваеннай разрухі, мабілізацыі і бежанства, прадстаўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі прынялі ІІІ Устаўную грамату, у якой упершыню канстатавалі права беларускага народа на сваю незалежную і вольную дзяржаву.

Значэнне БНР у гісторыі сучаснай Беларусі ў тым, што яе абвяшчэнне і практычныя захады, накіраваныя на інстытуалізацыю ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, абумовілі ў значнай ступені прыняцце бальшавікамі рашэння пра абвяшчэнне 1 студзеня 1919 года ССРБ – будучай БССР, правапераемніцай якой у 1991 годзе стала Рэспубліка Беларусь.

На выставе прадстаўлены прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва–музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага гісторыка–археалагічнага музея, прыватных збораў і інш. У экспазіцыю ўключаны ўнікальныя прадметы: ІІІ Устаўная грамата, дакументы Народнага Сакратарыята і Рады Народных Міністраў БНР, пячаткі і асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзей.

Для наведвальнікаў арганізаваны інтэрактыўныя раздзелы выставы, у якіх можна зрабіць фотаздымкі ў гістарычных фотазонах, азнаёміцца з біяграфіямі гістарычных асоб і інтэрактыўнай картай асноўных месцаў дзеянняў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г. Мінск, вул.К.Маркса, 12

Тэл.: 327–43–22