Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Музыка Перамогі”

  • 08.05.2018

З 8 мая ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працаваць выстаўка “Музыка Перамогі”(да 100–годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі ваеннага дырыжора Барыса Міхайлавіча Пянчука).

Народны артыст Беларусі Барыс Міхайлавіч Пянчук – адзіны наш зямляк, якому выпала дырыжыраваць легендарным парадам Перамогі 9 мая 1945 года ў Маскве на Чырвонай плошчы.

Нарадзіўся Барыс Міхайлавіч 15 мая 1918 года. Кінуў школу і паступіў вучнем слесара ў першы механічны цэх Пуцілаўскага завода. Іграў у самадзейным духавым аркестры завадскога клуба і неўзабаве стаў адным з найлепшых яго музыкаў.

У 1936 годзе Барыс Міхайлавіч пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію і стаў салістам–трубачом аркестра 201–га стралковага палка. Быў паранены ў руку. 9 мая 1945 года ўдзельнічаў у Парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве: генерал–маёр Чарнецкі, які ўзначальваў зводны музычны калектыў, у той беспрэцэдэнтна адказны і трыумфальны момант сваёй правай рукой прызначыў франтавіка і дырыжора Барыса Пянчука, якому было 27 гадоў.

У мірны час быў дырыжорам аркестраў вайсковых часцей, штаба Ленінградскай ваеннай акругі, начальнікам ваенна–аркестравай службы. У 1962 годзе пераведзены ў Мінск. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша», «Страявога марша», шматлікіх апрацовак і перакладаў твораў беларускіх кампазітараў.

Удастоены звання «Народны артыст БССР», лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1972 год). У лістападзе 2003 года за заслугі ў развіцці нацыянальнай музычнай культуры і актыўны ўдзел у грамадска–палітычным жыцці краіны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў Барысу Пянчуку медаль Францыска Скарыны.

Памёр Барыс Міхайлавіч Пянчук у 2009 годзе.

На выстаўцы прадстаўлены экспанаты з фондаў музея і архіва сям’і артыста: асабістыя рэчы, узнагароды, дакументы і фотаздымкі.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г.Мінск, зав. Музычны, 5

Штодня з 10.00 да 17.30

тэл. 220–26–67

theatre–museum.by

#dommasonay