Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Звычайны Чараўнік: 5 гадоў Тэатру Генадзя Гладкова ў Мінску»

  • 11.06.2018

Выстава «Звычайны Чараўнік: 5 гадоў Тэатру Генадзя Гладкова ў Мінску» раскажа гісторыю супрацоўніцтва кампазітара з беларускай трупай і адкрые невядомыя шырокай публіцы старонкі яго біяграфіі.

У 2018 годзе тэатру «Тэрыторыя мюзікла» споўнілася пяць гадоў, а гэта добрая нагода падвесці першыя вынікі. За гэты час новы тэатральны калектыў здолеў заваяваць сваю нішу, здабыць пастаяннага гледача і надзейна асталявацца ў беларускай творчай прасторы. У афішы тэатра – спектаклі на музыку Генадзя Гладкова «Яхім Ліс – дэтэктыў з дыпломам», «Сватаўство гусара», «Сабака на сене», «12 крэслаў», «Блакітны шчанюк», «Страсці па Цілю», «Маша і Віця супраць «Дзікіх гітар», а таксама мюзік–шоў па творах кампазітара «Формула кахання». Зусім хутка ў рэпертуары з'явіцца новая прэм'ера – мюзікл пра каханне «Звычайны цуд». Першы паказ абноўленай версіі мюзікла, аформленага ў стылістыцы сцімпанка, адбудзецца 21 чэрвеня на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, а выстава ў філіяле НГМ РБ «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» стане своеасаблівай прэзентацыяй прэм'еры і, вядома ж, творчай дзейнасці калектыву ў цэлым.

Матэрыялы выставы раскажуць пра Генадзя Ігаравіча як у публічным, так і ў прыватным жыцці, раскрыюць «кухню» кампазітарскай працы і нагадаюць, колькі выдатных, усімі любімых музычных, тэатральных, мультыплікацыйных кінагісторый «Звычайны Чараўнік» паспеў стварыць.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены клавіры і партытуры тэатральных спектакляў Генадзя Гладкова з аўтарскімі пазнакамі і аўтографамі, знакавыя творы кампазітара за розныя перыяды яго творчай дзейнасці, касцюмы і рэквізіт да спектакляў «Тэрыторыі мюзікла», фатаграфіі і памятныя рэліквіі, звязаныя з жыццём тэатра.

На адкрыцці выставы адбудзецца музычная прэзентацыя новай прэм'еры: артысты Тэатра Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла» выканаюць нумары з мюзікла «Звычайны цуд».

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Панядзелак – субота з 10.00 да 17.30

тэл. 220–26–67

theatre.histmuseum.by

#dommasonay