Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Лекцыя "Мова новай драмы: навошта і для каго? Беларуская версія"

  • 28.06.2018

Лекцыя пра новую драму ў Беларусі адбудзецца 28 чэрвеня ў рамках праекта «ТАК». Даследчыца і куратар Таццяна Арцімовіч распавядзе пра перадумовы з’яўлення гэтага феномена і пра тое, як ён развіваўся да сённяшняга дня. «МОВА НОВАЙ ДРАМЫ: НАВОШТА І ДЛЯ КАГО? БЕЛАРУСКАЯ ВЕРСІЯ» пачнецца ў 19:00 у Музеі гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4).

Феномен новай драмы (ці новай п'есы) стаў неад'емнай часткай сучаснага тэатра на постсавецкай прасторы. Паўстаўшы ў сярэдзіне 1990–х, канчаткова гэты драматургічны феномен – «сучаснікі, якія кажуць для сучаснікаў» – сфармаваўся ў пачатку новага тысячагоддзя і легалізаваўся ў канцы «нулявых». Так, у тэатрах Расіі новая драма ставіцца ў найбуйнейшых рэпертуарных тэатрах краіны, у Беларусі, нягледзячы на дзясяткі аўтараў, якія атрымалі міжнароднае прызнанне (П. Пражко, К. Сцешык, Д. Багаслаўскі, М. Досько і інш.), гэтыя п'есы і сёння з цяжкасцю трапляюць на сцэну.

У рамках лекцыі мы пагаворым аб сацыяльных перадумовах з'яўлення новай драмы як «рэакцыі на крызіс ідэнтычнасці» (М. Ліпавецкі) на постсавецкай прасторы, пазначым ключавыя асаблівасці мовы, герояў і сітуацый. Чаму трыгерам абнаўлення постсавецкага тэатра выступіла менавіта новая драма? Адкуль узнікала такая патрэба менавіта ў рэпрэзентацыі паўсядзённасці на сцэне? Якім чынам адбывалася трансфармацыя гэтай з'явы на працягу дзесяцігоддзяў? Якія беларускія аўтары прадстаўляюць гэты феномен і ў чым унікальнасць іх драматургічнай мовы?

Акрамя таго, будзе разгледжана сучасная сітуацыя новай драмы ў беларускім кантэксце, калі раптам сталі з'яўляцца п'есы і тэксты на беларускай мове. Ці магчымая новая драма, якая звяртаецца да дакументальнасці, па–беларуску? Ці можна такім чынам казаць аб узнікненні новай мадэлі рэпрэзентацыі беларускай ідэнтычнасці? І хто дыктуе яе з'яўленне – рэальная сітуацыя або самі аўтары?

Прысвячаецца Міхаілу Угараву (1956 – 2018), драматургу, заснавальніку Театра.doc і аднаму з заснавальнікаў руху «новая драма».

ПРА ЛЕКТАРА: Таня Арцімовіч скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў («тэатразнаўства»), магістратуру «візуальна–культурныя даследаванні» ЕГУ (Вільня). Як рэжысёр стажыравалася на Эксперыментальнай сцэне пад кіраўніцтвам А. Праудзіна (Санкт–Пецярбург). У 2014 – 2015 гадах знаходзілася на рэзідэнцыі ў Цэнтры сучаснага мастацтва Ujazdowski Castle (Польшча) і Akademie Solitude (Германія). Заснавальніца Платформы перфарматыўных практык «зЕрне». Член «East European Performing Arts Platform». Асноўны фокус даследаванняў – культурныя даследаванні і антрапалогія, перфарматыўныя даследаванні, эксперыментальны тэатр БССР.

Працягласць лекцыі: 1 гадзіна 30 хвілін. Мова: руская. Узрост 12+

Месца правядзення: кіназала Музея гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4)

Купіць білет можна на сайтах artcorporation.by, bycard.by, kupalauski.by, smsbilet.by, а ў дзень мерапрыемства – у касе Музея гісторыі беларускага кіно.