Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Зачараваны музыкай»

  • 08.08.2018

З 8 жніўня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка «Зачараваны музыкай» (да 80–годдзя Ігара Міхайлавіча Лучанка).

Выстаўка падрыхтаваная да 80–годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага артыста БССР і СССР, кавалера ордэна Францыска Скарыны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні праўлення Беларускага саюза кампазітараў Ігара Міхайлавіча Лучанка.

Нарадзіўся Ігар Міхайлавіч у Мінску 6 жніўня 1938 года. Музычную адукацыю атрымаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класу кампазіцыі прафесара А.В. Багатырова (1961). Яго дыпломнай работай сталі сімфонія (1961) і кантата «Курган» (1962) па аднайменнай паэме Янкі Купалы, у далейшым перапрацаваная ў рок–оперу «Гусляр» (1971) для ансамбля «Песняры». Далей талент кампазітара гартаваўся ў Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара В.М. Салманава (1965) і ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ц.М. Хрэннікава (1970). У 1963 годзе малады кампазітар вяртаецца ў альма–матар – Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў якасці выкладчыка, а з часам – і рэктара (1982–1985).

У 1966 годзе Ігар Лучанок упершыню праявіў сябе як самабытны кампазітар–песеннік. На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня–балада «Памяць сэрца» (на словы паэта М. Ясеня) у выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію. Гэтая песня стала вехай і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці, працягнутай у наступных песнях – «Хатынь», «Калі б камяні маглі гаварыць», «Ліст з сорак пятага», «Курган Славы», «Старое кіно», «Майскі вальс».

І. Лучанок звяртаецца да творчасці многіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, П. Броўкі, А. Русака, Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна, У. Някляева, а таксама расійскіх паэтаў Р. Раждзественскага, Я. Яўтушэнкі. Шчыра выказана любоў да Беларусі ў вядомых песнях «Мой родны кут», «Я хаджу закаханы», «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць». Неабходна адзначыць і кола лірычных песень, такіх як «Вераніка», «Алеся», «Зачарованая мая». Мелодыю «Песні пра Мінск» адбіваюць кожную гадзіну куранты на вежы Мінскай ратушы.

На выстаўцы будуць прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, фотаздымкі, асабістыя рэчы І.М. Лучанка, віншаванні, граматы, афішы.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Панядзелак – субота з 10:00 да 17:30

тэл. 220–26–67

theatre.histmuseum.by

#dommasonay