Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Мінск рэальны і віртуальны»

  • 15.08.2018

15 жніўня ў 10.30 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё незвычайнай выставы «Мінск рэальны і віртуальны», на якой будуць прадстаўлены ўнікальныя здымкі нашага горада. Яе наведвальнікі змогуць убачыць архіўныя фотаздымкі сталіцы і параўнаць іх з фрагментамі віртуальнай карты, створанай распрацоўшчыкамі анлайн–гульні «World of Tanks». Выстава створана ў межах падрыхтоўкі да Дня горада і Дня танкіста, які ў гэтым годзе адзначаецца 9 верасня.

На здымках прадстаўлены цэнтральныя вуліцы Мінска – ад Беларускага дзяржаўнага цырка да вуліцы Казлова, захаваныя фатографамі больш за 50 гадоў таму. Побач з фотаздымкамі можна ўбачыць тыя ж самыя лакацыі, узноўленыя ў дробных дэталях распрацоўшчыкамі знакамітых «Танкаў» для карты «Мінск».

Камп'ютарныя тэхналогіі сёння адкрываюць шырокія магчымасці для аднаўлення тых ці іншых гістарычных эпох. З іх дапамогай можна ўбачыць, як выглядалі раней цэлыя гарады, разгледзець у дэталях вуліцы, дамы, помнікі. Мэта гэтай выставы – паказаць Мінск 1970–х гадоў як мага большай колькасці людзей, каб захаваць яго вобраз у памяці цяперашняга і будучых пакаленняў.

Па словах дырэктара па аперыраванню «World of Tanks» у СНД Юрыя Куравага, «Гульню «World of Tanks» часта называюць віртуальным музеем, у якім можна ўбачыць ваенную тэхніку сярэдзіны ХХ стагоддзя. Зараз у нашым «музеі» з'явіўся яшчэ і віртуальны Мінск, у якім адноўлены гарадскія ландшафты 50–гадовай даўніны. На гэтай выставе прадстаўлены найбольш цікавыя ракурсы нашага горада ў рэальных і віртуальных малюнках. Дадзеная выстава ўяўляецца добрым падарункам мінчанам і гасцям сталіцы да Дня горада».

Выстава будзе праходзіць у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь да 24 жніўня, далей плануецца яе дэманстрацыя ў ТРЦ «Galleria Minsk». Фінальны дзень паказу экспазіцыі прыйдзецца на Дзень танкіста 9 верасня ў Парку Перамогі.

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12, Мінск, 220030

Тэлефон: 327–43–22