Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «У чаканні Гадо. 50 год»

  • 08.11.2018

12 лістапада а 17–й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі «У чаканні Гадо. 50 год» (да 55–годдзя тэатральнай студыі «Юнацтва» і 50–годдзя спектакля «У чаканні Гадо» па п’есе С. Бэкета ў пастаноўцы Уладзіміра Матросава).

11 лістапада 2018 года спаўняецца 50 гадоў спектаклю па п'есе Сэмюэла Бэкета «У чаканні Гадо», пастаўленаму ў тэатральнай студыі «Юнацтва» рэжысёрам і мастаком Уладзімірам Матросавым. Гэта была першая пастаноўка п'есы ў Савецкім Саюзе: у Малдове яна прайшла ў 1985 годзе, ва Украіне і Літве ў 1995 годзе, толькі праз год у Маскве. Пастаноўка беларускай студыі апярэдзіла і некаторыя краіны Усходняй Еўропы, напрыклад, у ГДР п’еса была пастаўлена ў 1987 годзе. Раней прэм'еры «У чаканні Гадо» адбыліся ў Югаславіі ў 1956–м, у Польшчы ў 1957–м, у Венгрыі ў 1965–м. Гэты спектакль ужо з'яўляецца легендай гісторыі беларускага савецкага тэатра. Пра яго ўспамінаюць у рамках апісання студыйнага тэатральнага руху ў Беларусі ў 1980–я. Некалькі гадоў таму гісторыя гэтага спектакля трапіла ў англамоўны ірландскі часопіс «Ireland, West to East Irish Cultural Connections with Central and Eastern Europe», прысвечаны творчасці Бэкета ў сусветным кантэксце.

У гэты ж дзень, 11 лістапада, святкуе юбілей тэатральная студыя «Юнацтва», якую арганізаваў у 1963 годзе на базе ДК чыгуначнікаў рэжысёр і літаратар Уладзімір Балабохін. Акрамя ўнікальнага для таго часу рэпертуару – спектаклі па п'есах У. Маякоўскага, Б. Брэхта, У. Шэкспіра, Ж. Ануя ды іншых – праз студыю прайшло больш за 50 чалавек, многія з якіх потым рэалізавалі сябе ў мастацкім полі. Гэта драматург Алена Папова, акцёры Валерый Шушкевіч, Мікалай Кірычэнка, Алесь Лабанок, Аляксандр Падабед, Георгій Маляўскі, кампазітар Алег Залётнаў, рэжысёры Ала Палухіна, Уладзімір Рудаў, Валерый Басаў і многія іншыя. Мастаком студыі быў Уладзімір Матросаў, які і паставіў спектакль «У чаканні Гадо» па п’есе С. Бэкета.

У экспазіцыю выстаўкі «У чаканні Гадо. 50 год» увайшлі афішы, фатаграфіі, эскізы, дакументы з архіваў У. Матросава, В. Шушкевіча, Беларускага дзяржаўнага архіва–музея літаратуры і мастацтва. Усе экспанаты дэманструюцца ўпершыню.

24 лістапада а 14–й гадзіне ў рамках выстаўкі адбудзецца лекцыя тэатразнаўцы і культуролага Таццяны Арцімовіч пра гісторыю тэатральнай студыі «Юнацтва» і спектакля «У чаканні Гадо».

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Панядзелак – субота з 10.00 да 17.30

тэл. 220–26–67

theatre.histmuseum.by