Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава ёлачных цацак "У гасцях у казкі"

  • 07.12.2018

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом–музей I з'езда РСДРП" з 7 снежня 2018 года па 13 студзеня 2019 года праходзіць выстава ёлачных цацак савецкага перыяду "У гасцях у казкі".

Унікальная выстава калекцыі ёлачных цацак ХХ стагоддзя дапаможа вам акунуцца ў атмасферу радасці і прадчування цуду.

Больш за 800 ёлачных цацак з мінулага стагоддзя распавядуць гасцям музея свае ўнікальныя гісторыі. Наведаўшы гэтую выставу, вы зможаце на свае вочы пабачыць самыя першыя цацкі з картонажу і ваты, мантажныя цацкі, а таксама цацкі ваеннага часу (так, нават у суровыя часы людзі чакалі цуду і імкнуліся зрабіць свой свет хоць крышачку больш цудоўным).

На выставе будзе прадстаўлена прыватная калекцыя ёлачных цацак ад віцебскага калекцыянера Наталлі Кавалёвай. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі зойме, вядома ж, прыгажуня–ёлка, якая парадуе бляскам сваіх агнёў, старадаўніх караляў і ёлачных цацак, а таксама цэлы парад Дзядоў Марозаў, якія прыбылі з розных гарадоў.

Свет ёлачных цацак мінулага ахоплівае разнастайныя тэмы і сярод герояў, якія ўпрыгожвалі лясную прыгажуню, прыйшоўшы да нас на выставу, вы сустрэнеце даследчыкаў Поўначы, артыстаў цырка, лятальныя і касмічныя апараты мінулага стагоддзя. І, натуральна, асаблівую частку выставы складуць любімыя малымі фігуркі жывёлаў, персанажы мультфільмаў, казак і шмат іншага.

У гэтыя перадсвяточныя снежаньскія дні не прапусціце ўнікальную магчымасць акунуцца ў атмасферу цуду і маляўнічай разнастайнасці, якая не толькі пазнаёміць вас з тым, як упрыгожвалі ялінку паўстагоддзя таму, але і падорыць непаўторныя адчуванні радасці і захаплення.

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31А

Штодня з 11.00 да 19.00

Тэл. для даведак: 290–68–47

www.domusmuseum.histmuseum.by

www.facebook.com/domusmuseum

www.vk.com/domusmuseum