Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава тэатральных касцюмаў "Ад аперэты да мюзікла"

  • 18.12.2018

18 снежня а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы тэатральных касцюмаў 1981 – 1918 гг. з калекцыі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр створаны ў 1970 годзе, а свой першы тэатральны сезон адкрыў годам пазней 17 студзеня.

Творчы лёс тэатра складаўся няпроста. Першае дзесяцігоддзе існавання калектыў, не маючы свайго памяшкання, быў вымушаны вандраваць па розных сцэнічных пляцоўках горада. У 1981 годзе тэатр, нарэшце, атрымаў асабісты будынак па вуліцы Мяснікова, 44, у якім адкрыў свой дванаццаты сезон аперэтай Іягана Штраўса “Лятучая мыш”.

На сцэне Музычнага тэатра атрымалі права першай пастаноўкі творы беларускіх аўтараў: “Паўлінка”, “Тыдзень вечнага кахання”, “Сцяпан – вялікі пан” Ю. Семянякі, “Несцерка” і “Судная гадз¡на” Г. Суруса, “Дзяніс Давыдаў” А. Мдзівані, “Міліянерша” Я. Глебава, “Вясновая песня” і “Прыгоды ў замку Алфавіт” У. Войціка, “Джулія”, “Шклянка вады” і “Соф’я Гальшанская” У. Кандрусевіча.

За час існавання тэатра на яго сцэне было пастаўлена больш за 150 спектакляў, многія з якіх сталі значнымі падзеямі ў культурным жыцці краіны і ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага музычнага мастацтва.

Сярод іх – аперэты “Вольны вецер” І. Дунаеўскага, “Лятучая мыш” і “Цыганскі барон” І. Штраўса, “Містар Ікс” І. Кальмана, “Вясёлая ўдава” Ф. Легара, музычныя камедыі “Бабін бунт” Я. Пцічкіна, “Вяселле ў Малінаўцы” Б. Аляксандрава, мюзіклы “Шклянка вады” і “Соф’я Гальшанская” У. Кандрусевіча, “Джэйн Эйр” К. Брэйтбурга, “Мая чароўная лэдзі” Ф. Лоў, балеты “Лебядзінае возера” і “Шчаўкунок” П. Чайкоўскага, “Тытанік” А. Хадоскі і шмат іншых. Шырока вядомыя творчыя праекты тэатра: “Наталія Гайда запрашае…”, гала–канцэрты “Залаты россып аперэты”, “Казкі венскага леса”, “Шэдэўры сусветнага класічнага балета” і іншыя.

На выставе будуць прадстаўлены мужчынскія і жаночыя тэатральныя касцюмы спектакляў розных гадоў, у тым ліку сукенка Марыі Сцюарт з мюзікла Дж. Хэрмана “Хэло, Долі!”, камзол Андрэя Туманскага з аперэты М. Стрэльнікава “Халопка”, сукенка Соф’і Гальшанскай з мюзікла У. Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”, камзол Энрыка з аперэты І. Штраўса “Ноч у Венецыі”, мундур Напалеона з аперэты О. Штраўса “Капялюш Напалеона”, сукенка Тэадоры Вэрдз’е з аперэты І Кальмана “Прынцэса цырка” і іншыя. У экспазіцыі таксама будуць дэманстравацца галаўныя ўборы, афішы і праграмкі з архіва тэатра.

У рамках адкрыцця адбудзецца падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Тэл. (017) 327 43 22