Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



22.01.2019 - Урачыстая цырымонія адкрыцця выставы і гашэння паштовага блока, прымеркаваная да 100–годдзя сучаснай беларускай дыпламатычнай службы

  • 23.01.2019

22 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставы і гашэння паштовага блока, прымеркаваная да 100–годдзя сучаснай беларускай дыпламатычнай службы.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі і дакументы са збораў Цэнтра гісторыі МЗС і беларускай дыпламатычнай службы, Беларускага тэлеграфнага агенцтва, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, прысвечаныя гісторыі станаўлення і развіцця дыпламатычнай службы нашай краіны.

Фотаматэрыялы адлюстроўваюць знакавыя гістарычныя падзеі –падпісанне Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, ратыфікацыю Пагаднення аб стварэнні Саюза Незалежных Дзяржаў, заключэнне першых дагавораў аб усталяванні дыпламатычных адносін з замежнымі краінамі, а таксама дыпламатычную службу вядомых дзяржаўных дзеячаў: А.Р.Чарвякова, К.В.Кісялёва, А.Е.Гурыновіча і іншым.

Асаблівая ўвага ў экспазіцыі нададзена ўнікальным дакументам і асабістым рэчам беларускіх дыпламатаў, імёны якіх увайшлі ў гісторыю нашай краіны, з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Цэнтра гісторыі МЗС. Сярод іх – візітныя карткі, працоўныя кніжкі і службовыя пашпарты дыпламатаў, блок марак ААН пра Беларусь, нагрудныя знакі, штампы, кніжныя выданні і інш. Асобны раздзел прысвечаны ўдзелу Беларусі ў ЮНЕСКА.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган. Сярод гасцей – экс–кіраўнікі знешнепалітычнага ведамства, кіраўнікі дыпламатычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Беларусі, ветэраны дыпламатычнай службы.

Выстава працуе да 6 лютага 2019 года.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12