Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя кнігі «Трагедыя і героі. Беларусь. Лета 1941 года»

  • 06.02.2019

6 лютага а 18–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) адбудзецца прэзентацыя кнігі Мікалая Пятровіча Шалімы і Васіля Кузьміча Кісялёва – «Трагедыя і героі. Беларусь. Лета 1941 года».

Шаліма Мікалай Пятровіч – юрыст, магістр Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Сход нашчадкаў шляхты і дваранства», аўтар кнігі «Казакі – Рыцары Праваслаўя на Беларусі».

Кісялёў Васіль Кузьміч – гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, аўтар 5 кніг і 42 артыкулаў, прысвечаных Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнам. З 1968 па 1975 год быў навуковым супрацоўнікам у аддзеле партызанскага падпольнага руху Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ і меў магчымасць напрамую працаваць з архіўнымі дакументамі.

Кніга «Трагедыя і героі. Беларусь. Лета 1941 года» з'яўляецца дакументальным даследаваннем і прысвечана самаму малавывучанаму перыяду Вялікай Айчыннай вайны – лету 1941 года, з моманту нападзення варожай Германіі на Савецкі Саюз да верасня таго ж года, калі тэрыторыя Беларусі была цалкам акупавана гітлераўцамі. Для стварэння кнігі былі выкарыстаны выключна дакументальныя крыніцы: мемуары, успаміны, перакладныя нямецкія кнігі і дакументы, дакументы з архіваў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнага архіва Рэспубликі Беларусь. Аўтары распавядаюць пра становішча, якое склалася ў перадваенны перыяд на беларускім напрамку, паказваюць значэнне, якое аказала супраціўленне беларускага народа на паражэнне фашысцкай Германіі. Вялікую ўвагу аўтары надалі гераізму мірнага насельніцтва і салдат Чырвонай арміі, правялі карпатлівую працу па аднаўленні імёнаў і прозвішчаў герояў.

На прэзентацыі кнігі сваім меркаваннем аб унікальных старонках гісторыі нашай краіны падзеляцца выдавец кнігі Ігар Уладзіміравіч Чэкалаў, 2–гі сакратар ЦК КПБ Георгій Пятровіч Атаманаў і гісторык Анатоль Мікалаевіч Бадулін.

Прэзентацыя адбудзецца 6 лютага 2019 года а 18–й гадзіне. Уваход вольны.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

тэл. 327 43 22