Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Сучасны беларускі экслібрыс"

  • 08.02.2019

8 лютага а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы "Сучасны беларускі экслібрыс" у рамках XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы–кірмашу.

Сярод аўтараў – Юры Якавенка, Андрэй Ярашэвіч, Фёдар Шурмялёў, Аляксандр Улыбін, Ганна Ціханава–Йорданава, Яўгенія Цімашэнка, Вольга Цярэшчанка, Раман Сустаў, Таццяна Сіплевіч, Ігар Сідарэнка, Глеб Сідарэнка, Віктар Саўчанка, Іван Русачак, Сафія Піскун, Марына Мароз, Вольга Крупянкова, Уладзіслаў Квартальны, Марына Жвірбля, Святлана Валасюк, Генадзь Вяль, Аляксандр Грыгор'еў, Любоў Абрамава.

Слова «Экслібрыс» у перакладзе з латыні азначае «з кніг», г.зн. кніжны знак. Першапачаткова ён складаўся з ініцыялаў ўладальніка бібліятэкі і наклейваўся або друкаваўся на пярэднім фарзацы кнігі, каб пазначыць яе ўласніка. З цягам часу экслібрыс ператварыўся ў вытанчаны мастацкі жанр і стаў прадметам калекцыянавання.

Беларускія мастакі–графікі, якія працуюць у гэтым жанры, даўно сталі шырока вядомыя на міжнароднай арэне. Беларускі экслібрыс ёсць у калекцыях бібліятэк і знаўцаў з самых розных краін: Японіі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Кітая, ЗША, Бельгіі. Работы мастакоў разнастайныя па кампазіцыі і манеры выканання, але ўсіх іх аб'ядноўвае высокі мастацкі ўзровень і віртуозная тэхніка друкаванай графікі. Сюжэты прадстаўленых работ уражваюць сваёй складанасцю і багаццем тэматыкі. Яны даюць магчымасць пазнаёміцца з міфалогіяй розных народаў, па–новаму паглядзець на біблейскія тэмы, прыводзяць гледача ў свет дзіцячай казкі і, безумоўна, выклікаюць захапленне фантазіяй і майстэрствам аўтараў.

Мастакі, якія працуюць у жанры экслібрыса, вельмі запатрабаваны ў сваёй прафесіі. У скарбонцы беларускіх аўтараў шматлікія ўзнагароды і дыпломы самых прэстыжных міжнародных выстаў–конкурсаў экслібрыса. Іх імёны добра вядомыя як у Беларусі, так і за мяжой.

Выставачны праект рэалізаваны сумесна з Палацам мастацтваў і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Куратар выставы – мастак–графік, член Беларускага саюза мастакоў Вольга Крупянкова (+375 29 368–55–06).

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12