Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава фатаграфіі “НЮАНСЫ”

  • 14.02.2019

14 лютага 2019 года ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – пачне працу Міжнародная выстава фатаграфіі “НЮАНСЫ” ў рамках праекта “Гульня ў класіку”.

На выставе прадстаўлен адзін з класічных жанраў выяўленчага мастацтва – жанр ню. Сярод тэм у выяўленчым мастацтве і фатаграфіі, якія з упэўненасцю можна назваць класічнымі, яна займае асаблівае месца. Аўтары прапануюць наведвальнікам разнастайныя, часам дыяметральна супрацьлеглыя погляды на гэты жанр у сучаснай фатаграфіі. Усе яны створаны пінхол фотаапаратам – класічнай аналагавай камерай, у якой замест аб'ектыва выкарыстоўваецца маленькая адтуліна, прабітая найтонкай іголкай у металічнай пласціне. У выніку мы атрымліваем непаўторны фатаграфічны малюнак, які па праву можна назваць святлапісам. Малюнак мяккі і прывідны, пабудаваны на нюансах, уласцівы піктарыяльнай фатаграфіі, як нельга лепш падыходзіць для выказвання мовай фатаграфіі аб эфемернай, знікаючай прыгажосці.

Гледачам давядзецца стаць сведкамі выніку дзівоснага дзейства, у якім удзельнічалі ўсё яшчэ не састарэлыя ў сваіх марах дарослыя, якія не пажадалі зрабіцца часткай свету недаўгавечнага. У гульні ўсе застаюцца вольныя і час перастае быць ранейшай перашкодай. У гэтым сутнасць праекта “гульня ў класіку”, які дазволіў аб'яднаць фатографаў з розных краін дзеля адчування дачынення да выдатнай эпохі. Гульня зноў дазваляе ўзгадаць пра тыя самыя сапраўдныя камеры з драбнюткай адтулінай замест сучаснага аб'ектыва. І, вядома ж, усё той жа невялікі кавалак фотастужкі, на якім малюнак сапраўдны, як раней створаны менавіта святлом. Экспазіцыя мае справу з выявай аголенай натуры, з-за чаго гульня ў класіку становіцца яшчэ больш цікавай.

На выставе гледачы ўбачаць каля ста работ, як адзіночных, так і аб'яднаных у серыі, выкананых вядомымі фатографамі з Беларусі, Літвы, Вялікабрытаніі, Аргенціны, Італіі, Турцыі, Венгрыі, Польшчы, Украіны і Расіі.Аўтар праекта і куратар выставы: Віктар Сянькоў

Арганізатар выставы: Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў.

Генеральныя партнёры: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, філіял “Музей гісторыі беларускага кіно” Партнёры: праект koler.by, УП “Спрынкс”.

Месца экспанавання – выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (г. Мінск, вул. Свярдлова, 4). Час працы: штодня з 11-00 да 19-00 (каса да 18-30).Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75 (Музей гісторыі беларускага кіно, 8 044 736 31 69 (БГА фатографаў).

Узроставае абмежаванне: +18

Уваход па квітках: пенсіянеры – 2 руб., студэнты – 2,5 руб., астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 4 руб.