Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "45 + 1"

  • 25.02.2019

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе персанальную выставу фотапартрэтаў скульптара і фотамастака Яўгена Колчава «45 + 1», якая будзе праходзіць з 24 лютага па 10 сакавіка 2019 г. (цырымонія адкрыцця адбудзецца 25 лютага а 17–й гадзіне).

Галерэя характараў, настрояў, эмацыйных станаў – фотапартрэты, якія ўзніклі ў выніку рэпартажнага здымання – адметная асаблівасць работ Яўгена Колчава. Вельмі выразная і тонкая фіксацыя ладу, шмат у чым спантанная, заснаваная на натуральных паводзінах чалавека, а не на пазіраванні, найбольш традыцыйным для гэтага жанру.

Уважлівы і пільны погляд Яўгена беспамылкова ўлоўлівае і перадае характэрны і ўдумлівы погляд «мадэлі». Назіральнасць – рыса, уласцівая кожнаму мастаку, – у дадзеным выпадку знайшла праяўленне ў фатаграфіі, якая дазваляе хутка зафіксаваць дакладнае трапленне ў вобраз, што для скульптара немагчыма ў яго творчасці. Сучасныя лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць далікатна адсекчы лішнія дэталі. Ачышчаны ад другараднага і імгненнага, фотапартрэт ў выкананні Яўгена Колчава становіцца больш урачыстым, часам нават пафасным.

Фатаграфія – гэта асобны складаны від мастацтва, якім Яўген авалодвае на працягу многіх гадоў дзякуючы сваёй любові да гэтага творчага занятку. Сёння ўжо цяжка сказаць, які з відаў творчасці робіць мастака найбольш папулярным. Калі меркаваць па колькасці персанальных фотавыстаў Яўгена Колчава (а іх да цяперашняга часу адбылося ўжо восем як у нашай краіне, так і за мяжой, а таксама па заслужанай Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за партрэт Мая Данцыга), то фатаграфія ў апошнія гады прыносіць аўтару ўсё больш імклівую вядомасць.

***

Колчаў Яўген Аляксеевіч (д.н. 13.08.1959, г. Мінск). Скульптар. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1978), Беларускі дзяржаўны тэатральна–мастацкі інстытут (1984). Вучыўся ў А.Я. Арцімовіча, А.О. Бембеля, Б.І. Мурамцава. Скончыў Творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (1989), вучыўся ў З.І. Азгура. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1982 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1990 г. Працуе ў галіне станкавай скульптуры і анімалістыцы, прытрымліваецца рэалістычных традыцый у мастацтве. Асноўныя творы: «Мікеланджэла», «Ікар», «Салдаты», «Каратэ», «Накаўт», «Спакуса», «Яблык разладу», «Блізняты», «Пацалунак», «Бег», «Таксы». Аўтар серыі партрэтаў Кастуся Каліноўскага, Уладзіміра Маякоўскага, Рамана Заслонава, Ігара Бархаткова і інш. Выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце (1989 г. – 1992). Працаваў у рэстаўрацыйных майстэрнях Польшчы (1992 – 2000), дзе ўдзельнічаў у аднаўленні складаных архітэктурных і скульптурных элементаў гатычнага стылю і архітэктуры барока. У цяперашні час выкладае скульптуру ў рамках аўтарскіх курсаў у Мемарыяльным музеі–майстэрні З.І. Азгура. Прафесійная дзейнасць у апошнія гады звязана як са скульптурай, так і з фатаграфіяй. У 2017 годзе Яўген Колчаў стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва (фотапартрэт Мая Данцыга). Манументальныя творы, створаныя скульптарам у суаўтарстве і творчых саюзах, ўпрыгожваюць вуліцы беларускіх гарадоў. Творы аўтара знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, у прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой.

Куратар выставы – кіраўнік праекта «Art librum» Ала Зміева

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12