Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава мастакоў-веласіпедыстаў

  • 13.03.2019

13 сакавіка 2019 года а 18–й гадзіне ў выставачнай зале філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі беларускага кіно” (вул. Свярдлова, 4) адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага мастацкага праекта «ВЫСТАВА МАСТАКОЎ–ВЕЛАСІПЕДЫСТАЎ».

Праект прадстаўляе творчасць беларускіх мастакоў, дызайнераў, фатографаў у абсалютна незвычайным ракурсе – адначасова з веласіпедамі, на якіх творчыя людзі не толькі перамяшчаюцца з кропкі А ў кропку Б і ўмацоўваюць сваё здароўе, але і паскараюць актыўнасць у метафізічнай прасторы творчасці.

Унікальнасць гэтага праекта ў тым, што асноўным экспанатам выставы з’яўляецца веласіпед, які з нечаканага боку раскрые характар свайго кіроўцы, прычым не менш выразна, чым творы мастацтва.

У экспазіцыі кожны з аўтараў паказвае творчую працу (жывапіс, графіка, фота) і свой уласны веласіпед, новы або стары, модны ці не вельмі. Таксама прадстаўлены рарытэтныя веласіпеды (і нават матацыкл) са збору сядзібы–музея “Заброддзе” Данілы Цітовіча, якія нададуць экспазіцыі салідную гістарычную аснову.

Сёння веласіпед – гэта модны апарат для актыўных і прагрэсіўных людзей. Двухколавая машына на педальнай цязе беражэ гарадскую экалогію, разгружае аўтамабільныя дарогі. Перамяшчэнне на веласіпедзе становіцца стылем жыцця для соцен тысяч мінчан, асновай іх эколагаарыентаванага светапогляду.

Праект адрасаваны знаўцам мастацтва і шматлікім аматарам актыўнага ладу жыцця, будзе спрыяць папулярызацыі экалагічнага транспарту, які захоўвае навакольнае асяроддзе.

Арганізатары выставы выказваюць падзяку кампаніі “Studio Sutoria” за падтрымку праекта.

Куратар праекта – Дзяніс Барсукоў.

Выстава працуе да 31 сакавіка.

Час працы музея: штодня з 11–00 да 19–00 (каса да 18–30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75, 8 029 627 10 75.

Уваход па квітках: дзеці да 6 гадоў, школьнікі і пенсіянеры – 2 руб.

студэнты – 2,5 руб.

астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 4 руб.