Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Вясновы падарунак»

  • 06.03.2019

6 сакавіка а 16–й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі вязаных вырабаў Наталлі Белай.

Наталля Белая – рукадзельніца, аўтар кніг “Мелодыя карункаў” і “Карункавая настальгія” (Мінск, выдавецтва “Полымя”, 1999), шматлікіх публікацый у часопісах “Работнiца i сялянка”, “Мастерица”. Любімы матэрыял аўтара – ільняныя ніткі ў спалучэнні з каляровым ірысам.

Нарадзілася ў 1938 г. у Волагдзе. Па прафесіі – урач–педыятр, пасля выхаду на пенсію занялася складаннем кнігі па вязанні на аснове калекцыі узораў, сабраных маці. Тая ў свой час працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў у Баранавічах, прымала ўдзел у распрацоўцы новых узораў. Бабуля па маці выдатна вязала, у сям'і захаваўся абрус, звязаны ёю яшчэ ў 1910–х гг. У сям'і Наталлі рукадзеллем займаюцца ўсе жанчыны: дачка вышывае і вяжа, унучка пляце беларускія паясы, шые і вышывае беларускія народныя касцюмы.

На выставе будуць прадстаўлены пано “Поры года”, серыя сурвэтак “Дванаццаць месяцаў”, абрусы і фіранкі з вязанымі ўстаўкамі. Наведвальнікі ўбачаць вырабы трох пакаленняў сям'і Наталлі Белай: абрус, створаны яе бабуляй ў пачатку мінулага стагоддзя, а таксама сурвэткі і каўняры, звязаныя маці Наталлі.

У рамках выстаўкі, якая будзе дэманстравацца да 24 сакавіка, плануецца правядзенне майстар–класаў па вязанні.

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10.00 да 17.30

Тэл. 220–26–67

theatre.histmuseum.by