Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "У КАДРЫ І ЗА КАДРАМ"

  • 05.04.2019

5 красавіка 2019 года ў 15.15 у выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя персанальнай выставы фотамастака Уладзіміра Жыгунова «У КАДРЫ І ЗА КАДРАМ».

Фотаздымка, па сваёй сутнасці, калі параўноўваць яе з кіно, мастацтва ціхае і спакойнае. Нішто не парушае цішыню фотакадраў, якія спынілі бег часу, зафіксавалі яго імгненні. На выставе фотамастака Уладзіміра Іванавіча Жыгунова выразна бачная мяжа паміж «затаіўшым дыханне» фотамастацтвам і рухомай выявай кінастужак.

У.І. Жыгуноў працаваў штатным фатографам кінастудыі «Беларусьфільм» і Адэскай кінастудыі ў 1980–я гады, суправаджаючы фотаздымкай стварэнне такіх фільмаў, як «Белыя Росы», «Філіял», «Бацькі і дзеці», «Пітэр Пэн», «Апошні крок», «На сваёй зямлі», «Чалавек, які браў інтэрв'ю», «З юбілеем пачакаем» і іншыя. Наведвальнікі выставы ўбачаць фатаграфіі з асабістага архіва фотамастака з удзелам Мікалая Карачанцава, Андрэя Мягкова, Дзмітрыя Харацьяна, Кірыла Лаўрова, Уладзіслава Галкіна, Святланы Немаляевай, Станіслава Садальскага, Галіны Польскіх, Стэфаніі Станюты і многіх іншых зорак беларускага і савецкага кіно, якія раней нідзе не публікаваліся. Неверагодна цікавымі будуць і кадры, якія цяпер называюць "бекстэйдж", што адлюстроўваюць асаблівасці кіназдымачнага працэсу ў 1980–я гады, а таксама працу здымачных груп вядомых савецкіх рэжысёраў.

Пранікнёныя партрэты высокай якасці, рэпартажныя фатаграфіі кіназдымак… Натуральнасць і аб'ём сярэдняга фатаграфічнага фармату 60 х 60 міліметраў... Выстава работ фотамастака У.І. Жыгунова стане крыніцай натхнення не толькі для аматараў кінамастацтва, але і для шырокай аўдыторыі. Запрашаем на гэтую фотапрэм'еру, бо наведвальнікі выставы фактычна, стануць першымі гледачамі шэрагу ўнікальных, каштоўных для гісторыі беларускага кіно фотакадраў.

Куратар праекта Дзяніс Жыгуноў.

Месца экспанавання – выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно

(г. Мінск, вул. Свярдлова, 4)

Час працы – штодня з 11–00 да 19–00 (каса да 18–30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75, 8 029 627 10 75.

Уваход па квітках: дзеці да 6 гадоў, школьнікі і пенсіянеры – 2 руб.

студэнты – 2,5 руб.

астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 3,5 руб.