Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Канцэрт–прэзентацыя «Увысь да нябёсаў»

  • 05.04.2019

5 красавіка а 18–й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры” да 200–годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі адбудзецца канцэрт–прэзентацыя «Увысь да нябёсаў», на якой будуць упершыню прадстаўлены юбілейныя музычныя выданні твораў Станіслава Манюшкі, падрыхтаваныя Творчым калектывам «Беларуская капэла» Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у супрацоўніцтве з выдавецтвам «Каўчэг». Прэзентацыя пройдзе разам з мультымедыйнай дэманстрацыяй рэдкіх малюнкаў Чэслава Манюшкі і фотаздымкаў кампазітара. Слухачы пачуюць шмат цікавых фактаў аб малавядомай постаці Манюшкі–арганіста і творцы рэлігійнай музыкі. Падчас мерапрыемства ў выкананні салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамары Рэмез і музыказнаўцы Святлены Немагай прагучаць рэлігійныя творы кампазітара, а таксама яго песні на словы Адама Міцкевіча, Яна Чачота і Уладзіслава Сыракомлі.

***

Выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі нарадзіўся 5 мая 1819 г. у сядзібе Убель на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна–музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі ХІХ ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам. Пазней Станіслаў Манюшка працаваў у Вільні арганістам касцёла Святога Яна. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы 15 опер, у тым ліку славутую «Гальку» («Halka», 1848). Важнасць асобы кампазітара цяжка пераацаніць для культуры трох краін – Беларусі, Польшчы і Літвы.

Уваход па квітках музея з магчымасцю наведаць экспазіцыю.

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10:00 да 17:30

Тэл. 220-26-67

theatre.histmuseum.by