Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава фатаграфіі “2х2”

  • 03.05.2019

3 мая 2019 года ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – пачне працу выстава маладой беларускай фатаграфіі “2х2”.

Галоўная задача праекта “2х2” – не толькі адкрыццё новых імёнаў у сучаснай фатаграфіі, але і стварэнне платформы для рэалізацыі першых экспазіцыйных праектаў аўтараў, якія працуюць з медыумам фатаграфіі. Праект аказвае падтрымку аўтарам, незалежна ад іх узросту, якія не маюць вопыту экспанавання ўласнага праекта, гатовага фатаграфічнага выказвання.

Аўтары першай часткі праекта “2Х2”/ 2019 – Алена Ярашэвіч (праект “Проста людзі”) і Рыта Новікава (праект “Aqua”).

Дакументальны праект Алены Ярашэвіч “Проста людзі” распавядае пра жыццё людзей, якія працуюць на зямлі, у фермерскіх і калгасных гаспадарках. Яны часта не бачныя грамадству, задавольваюцца малым і пагружаныя ў свой свет, з якога не могуць або не хочуць выйсці. Знаходзячыся далёка ад гарадскога жыцця, яны існуюць па ўласных законах, не супрацівяцца быццю і ўспрымаюць сябе такімі, якія яны ёсць.

Працягваючы традыцыю фатографаў-перасоўнікаў пасляваеннага часу, аўтар прадстаўляе гледачу сучасную тыпалогію жыхароў вёсак і пасёлкаў. Гэта серыя прамых партрэтаў на чорным дэкантэкстуалізаваным фоне прымітыўнай імправізаванай студыі, які падкрэслівае індывідуальнасць кожнага чалавека. Гэты ж фон дапамагае аддзяліць і выявіць іншую, хай і не галоўную, грань праекта. Аўтар свядома ўключае ўнікальны ландшафт, у якім існуюць яго героі, закрыты і нябачны для большасці гараджан.

Арт-праект Рыты Новікавай “Aqua” – гэта серыя аўтапартрэтаў 2018 – 2019 гадоў. Вада як цэнтральны сімвал жыцця візуальна адсутнічае на фотаздымках, але існуе ў розных формах і асацыяцыях, вобразах і метафарах. У сваім праекце аўтар разважае пра магчымасць існавання ў розных умовах і сістэмах, створаных чалавекам. З дапамогай аўтапартрэта фатограф распавядае пра свае спробы далучыцца да гэтага свету і жаданне ў ім выжыць. З аднаго боку, яркі, падкрэслена недарэчны вобраз аўтара паказвае, наколькі нязграбныя спробы гэтага далучэння. У той жа час, іранічнасць гэтай выявы ўвасабляе жаданне аўтара змякчыць для гледача ўдар пры сустрэчы з “фонам” нашага існавання. Гэта свайго роду маніпуляцыя з мэтай прыцягнуць увагу да хвалюючых аўтара глабальных праблем нерацыянальных адносінаў да свету (забруджванне навакольнага асяроддзя, вынішчэнне жывёл, неэкалагічнае выкарыстанне нафтапрадуктаў і г.д.)

Арганізатар выставы на перыяд яе працы падрыхтаваў шэраг мерапрыемстваў, а менавіта – лекцыі, семінары, сустрэчы з удзельнікамі і куратарамі, партфоліа рэвю.

Аўтар канцэпцыі і куратар – Алёна Пратасевіч

Арганізатар – Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў

Месца экспанавання выставывыставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (Свярдлова, 4).

Час працы: штодня з 11-00 да 19-00 (каса да 18-30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75 (Музей гісторыі беларускага кіно),

8 044 736 31 69 (БГА фатографаў)

Уваход па квітках: школьнікі і пенсіянеры – 2 руб., студэнты – 2,5 руб., дарослыя – 4 руб.