Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя кнігі “Бэз малюецца на шчасце. Барыс Аракчэеў”

  • 26.04.2019

26 красавіка а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе прэзентацыя кнігі выдавецтва “Мастацкая літаратура” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” “Бэз малюецца на шчасце. Барыс Аракчэеў”, укладальнікамі якой з’яўляюцца Аксана Аракчэева і Алена Масла.

У кнізе сабраны матэрыял пра знакамітага мастака, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы жывапісу, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны Барыса Уладзіміравіча Аракчэева. Праз артыкул мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака чытачы спазнаюць творчы шлях мастака, а дзённікі творцы, якія друкуюцца ўпершыню і ўтрымліваюць паэтычныя ўспаміны пра рэчку дзяцінства Сіць, каханне да беларускай дзяўчыны Галі, сям’ю, і пра тое, што паўплывала на творчы лёс, дапамогуць разгледзець за веліччу талента трапяткую душу і жыццёвы шлях чалавека.

Сваімі ўспамінамі дзеляцца сябры, вучні і людзі, якія ведалі Барыса Аракчэева – не толькі выдатнага жывапісца, але высакароднага, сціплага і добрага чалавека. Кніга ілюстравана рэпрадукцыямі твораў мастака, фота з сямейнага архіва, копіямі рукапісаў і лістоў творцы і будзе цікавай аматарам нацыянальнага і сусветнага мастацтва.

Адрас: г.Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэлефон: 327 43 22