Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе»

  • 03.05.2019

3 мая а 17–й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» (да 200–годдзя кампазітара).

Станіслаў Манюшка – выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі. Нарадзіўся 5 мая 1819 г. у фальварку Убель на Міншчыне. Вучыўся музыцы ў знакамітага мінскага педагога Дамініка Стэфановіча, пазней працягнуў навучанне ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена ў Берліне. Пасяліўся ў Вільні, дзе служыў арганістам касцёла Святых Янаў. Пазней Станіслаў Манюшка створыць «Вастрабрамскія літаніі» і зборнік літургічных спеваў «Песні нашага касцёла».

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Манюшка пакінуў Мінск юнаком, родны горад вабіў кампазітара. Тут праходзілі яго першыя тэатральна–музычныя пастаноўкі: «Канторскія служачыя», «Латарэя», «Рэкруцкі набор». У салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам.

Пазней кампазітар пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы пятнаццаць опер, у тым ліку знакамітую «Гальку» (1848, 1858), «Слова гонару» («Verbum Nobile», 1861), «Страшны двор» (1865). У творчай спадчыне Манюшкі, акрамя опер, аперэт, рамансаў, кантат – больш за трыста песень на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, У. Сыракомлі, А. Адынца, Т. Зана і іншых, аб'яднаных у дванаццаць «Хатніх спеўнікаў».

На выстаўцы будуць прадстаўлены копіі малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, партрэты родных Станіслава Манюшкі, замалёўкі мясцовых пейзажаў, нотныя зборнікі, афішы і фатаграфіі пастановак твораў кампазітара на сцэнах сучасных тэатраў. Будуць адноўлены тры мемарыяльныя куточкі, дзе выкарыстаны рэчы–аналагі ХІХ ст., адлюстраваныя на малюнках Ч. Манюшкі. Творы сучасных беларускіх мастакоў, створаныя адмыслова да юбілею кампазітара, дапоўняць выстаўку.

Выстаўка дэманструецца да 31 мая.

Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10:00 да 17:30

Тэл. 220-26-67

theatre.histmuseum.by