Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Круглы стол да 200-годдзя Станіслава Манюшкі

  • 03.05.2019

3 мая ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры” адбыўся круглы стол да 200–годдзя з дня нараджэння выбітнага музыканта і кампазітара Станіслава Манюшкі і прэзентацыя выставы «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» ў межах гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры і пад патранатам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА. Мерапрыемства пройдзе з удзелам прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, устаноў культуры і адукацыі, органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў, дыпламатычных місій.

Праблемнае поле круглага стала: пытанні адраджэння, захавання, вывучэння і трансляцыі гісторыка–культурнай спадчыны Станіслава Манюшкі ў Беларусі, Польшчы, Літве і іншых краінах, выкарыстанне спадчыны кампазітара ў мэтах развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, асаблівасці арганізацыі культурных праграм, накіраваных на папулярызацыю імя знакамітага земляка, і інш.

Сярод выступоўцаў – прадстаўнікі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага фонду культуры, Беларускага камітэта ICOM, Інстытута Польскага ў Мінску і іншых арганізацый.

***

Станіслаў Манюшка – выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі нарадзіўся 5 мая 1819 г. у сядзібе Убель на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна–музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі ХІХ ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам. Пазней Станіслаў Манюшка працаваў у Вільні арганістам касцёла Святых Янаў. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы 15 опер, у тым ліку славутую «Гальку» («Halka», 1848). Значнасць асобы кампазітара цяжка пераацаніць для культуры трох краін – Беларусі, Польшчы і Літвы.

Фота Алега Леуса