Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

  • 27.06.2019

3 27 чэрвеня па 12 ліпеня 2019 г. у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 75–годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў, у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі будзе праходзіць выстава плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Савецкія мастакі з першых дзён вайны ўключыліся ў барацьбу супраць нямецка–фашысцкіх акупантаў, ажыццяўляючы заклік “Усё для фронту, усё для перамогі!”. Яны славілі гераічныя подзвігі савецкіх людзей на франтах і ў тыле, натхнялі іх на новыя працоўныя здзяйсненні і тым самым наносілі адчувальныя ўдары па ворагу, набліжалі час перамогі.

Плакат Вялікай Айчыннай вайны – адна з самых запамінальных і яскравых мастацкіх падзей культуры ХХ ст. Яго высокі патрыятычны пафас шмат у чым тлумачыцца прафесіяналізмам савецкіх мастакоў–плакатыстаў, іх уменнем гаварыць сродкамі плакатнай графікі.

На працягу ўсіх гадоў Вялікай Айчыннай вайны тэмы ў савецкага палітычнага плаката заставаліся нязменнымі: моц савецкага народа, гераізм простага савецкага чалавека, адзінства фронту і тылу, выкрыццё звярынага твару фашызму.

На выставах прадстаўлены плакаты, выдадзеныя ў Беларусі (“Раздавім фашысцкую гадзіну”), Расіі, Украіне. Яны даюць магчымасць адчуць маштаб трагедыі і подзвіг пакалення шматнацыянальнай дзяржавы – выратаванне свету ад фашызму.

Мерапрыемства арганізавана Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Адрас: г. Орша, вул. Леніна, 6А

Тэлефон: +375 216 56 37 50, +375 216 51 20 52