Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Азіраючы шлях пройдзены”

  • 20.06.2019

З 20 па 30 чэрвеня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры працуе выстава “Азіраючы шлях пройдзены”, прымеркаваная да 80–годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Раеўскага Валерыя Мікалаевіча, арганізаваная сумесна з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы.

Раеўскі Валерый Мікалаевіч нарадзіўся 20 чэрвеня 1939 г. у Мінску. У Магілёве ён скончыў машынабудаўнічы тэхнікум, затым паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ўжо на наступны год вучыўся ў Беларускім тэатральна–мастацкім інстытуце на курсе Уладзіміра Маланкіна.

На працягу 35 гадоў, з 1967 года, быў галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Творчасць Раеўскага адметная паэтычнасцю, метафарычнасцю, філасофскімі абагульненнямі, спалучэннем выразнай сцэнічнай формы з дакладнай распрацоўкай характараў. Ён стварыў каля 50 спектакляў, сярод якіх – “Апошні журавель”, “Радавыя”, “Парог”, “Князь Вітаўт” і “Чорная пана Нясвіжа” А.Дударава, “Мудрамер” М.Матукоўскага, “Святая прастата”, “Трыбунал” і “Пагарэльцы” А.Макаёнка, “Брама неўмяручасці” Кандрата Крапівы, “Апошні шанц” В.Быкава, “Плач перапёлкі” І.Чыгрынава, “Страсці па Аўдзею” У.Бутрамеева, “Завеі, снежань” І.Мележа. Па творах замежнай драматургіі паставіў спектаклі: “Бура” У.Шэкспіра, “Тры сястры” А.Чэхава, “Лес” А.Астроўскага і інш.

Доўгі час выкладаў і з'яўляўся прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 1976 годзе Валерыю Раеўскаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1998 годзе – народнага артыста Беларусі. Пастаўленыя ім спектаклі адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР. У 2004 годзе за асабісты ўнёсак у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі рэжысёр быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.