Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Адкрытая дыскусія “Мапы як гісторыка-культурная спадчына і форма выбудовы нацыянальнага светабачання”.

  • 27.06.2019

27 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі (вул. К. Маркса, 12) адбудзецца адкрытая дыскусія “Мапы як гісторыка–культурная спадчына і форма выбудовы нацыянальнага светабачання”.

Удзельнікі: Андрэй Радаман (навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН РБ), Ірына Дубянецкая (доктарка сакральнай тэалогіі, біблеістка, культуролаг), Сяргей Харэўскі (мастак, культуролаг, мастацтвазнаўца), Марына Сакалова (гісторык, экспертка ў галіне адукацыі), Алена Алінская (Цэнтый) (экскурсавод, краязнавец). Вядучы: Павел Баркоўскі.

У часе дыскусіі наведвальнікі змогуць пачуць на канкрэтных прыкладах, якія цікавыя звесткі можна атрымаць, чытаючы старажытныя карты вачыма спецыялістаў у гістарычнай ведзе, біблеістыцы, культуралогіі, візуальнай антрапалогіі. Сярод асноўных пытанняў дыскусіі:

• Ці маюць старажытныя карты гістарычную дакладнасць і пра што яны могуць распавесці сённяшнім глядачам?

• Ці ўплывае на дзейнасць картографа сацыяльна–палітычная сітуацыя яго часу і як яго бачанне свету ўплывае на будучыню?

• Як мапы дапамагаюць фармаваць асновы нацыянальнага светапогляду?

• Пра што распавядаюць мастацкія і культурныя сімвалы, якія змяшчаюцца на паверхні гістарычных карт?

І шмат што іншае. Агульнае абмеркаванне з магчымасцю задаваць пытанні і каментаваць з залі.

Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына мінулага, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах – і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна–эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага – туды, дзе нараджаецца чалавечае «Я» і ягоная культура.

Геаграфічныя мапы раздрукаваны з арыгінальных копій з дапамогай лічбавага друку і з захаваннем усіх маштабаў на паперы, якая імітуе фактуру старадаўніх мап. Усе мапы маюць навуковую атрыбуцыю і экспануюцца разам. Укладальнік – Эдуард Куфцерын, навуковы кансультант – кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН РБ Алег Дзярновіч.