Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Малюнкі франтавых мастакоў»

  • 28.06.2019

28 чэрвеня а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) адкрываецца часовая экспазіцыя «Малюнкі франтавых мастакоў», прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На выставе прадстаўлены ўнікальныя работы з фондаў Калінінградскага абласнога гісторыка–мастацкага музея.

За гады вайны былі пакліканыя і сышлі добраахвотнікамі на фронт больш за 900 членаў Саюза мастакоў СССР. Па–рознаму склаліся іх воінскія лёсы: многія былі паранены і забіты, аддаючы жыццё за перамогу. Заўсёды застаючыся прафесіяналамі, у гадзіны кароткага вольнага часу мастакі малявалі партрэты байцоў, эпізоды бітваў для баявых лісткоў і ваенных газет, сцэны акопнага побыту. Вайна стала для іх драматычнай школай батальнага мастацтва.

На выставе прадстаўлены малюнкі удзельнікаў Усходне–Прускай аперацыі 1945 года А.І. Глухава, Г.М. Філатава, С.І. Чуканова.

Сярод твораў, прысвечаных франтавому жыццю, мноства малюнкаў: «перад боем», «паміж баямі», «пасля бою». Яны, каштоўныя сведчанні мінулых дзён, адрозніваюцца падкрэсленай прастатой, натуральнасцю, адсутнасцю «паставы» і знарочыстай экзальтацыі. Некаторыя малюнкі знаёмяць з побытам воінаў на кароткім адпачынку.

Большасць з экзэмпляраў, якія захоўваюцца ў фондах, не пашкадаваў час: папера пажоўкнула, пакарабацілася. На многіх малюнках сустракаюцца запісы, магчыма, зробленыя спехам. У працы мастакі выкарыстоўвалі любыя даступныя матэрыялы: розныя алоўкі, туш, акварэльныя фарбы.

Прадстаўленыя малюнкі – бясцэнныя сведчанні гісторыі, што аднаўляюць жывы вобраз салдата, які на сваіх плячах вынес усе франтавыя цяжары. Нагадваючы пра жахі вайны, яны заклікаюць нас да міру.

Куратар выставы – вядучы навуковы супрацоўнік экспазіцыйнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Юлія Крыўдзюк.