Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



АРХЕАЛОГІЯ, КРЫВІЧЫ, І NO TIME AND SPACE IN THIS PLACE

  • 20.08.2019

Калі жадаеш пабываць у месцы, дзе няма ні часу, ні прасторы, дзе невядома, хто ты, дзе ноччу духмяна пахне сена, а над галавой – зоркі, пад якімі тысячу год таму хадзілі крывічы – то трэба пабываць на Мядзельшчыне. Менавіта тут калісьці жылі і таксама глядзелі на зорнае неба нашы продкі, гісторыю якіх зараз можна рэканструяваць толькі праз археалагічныя даследаванні.

У 2019 годзе была адноўлена дзейнасць археалагічнай экспедыцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам навуковага супраўцоўніка аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі В.М. Тарасевіч. І першая амаль пасля сямігадовага перапынку экспедыцыя накіравалася ў в. Наўры.

Пачатак шляха валанцёра да кэмпа. Усяго 2 км і ты дома!

Курганны могільнік Наўры Сваткаўскага сельскага савета Мядзельскага раёна Мінскай вобласці вядомы ў навуковай літаратуры ўжо з канца ХІХ ст. Ён быў узгаданы ў “Археологической карте Виленской губернии” Ф.В. Пакроўскага, якая была надрукавана ў 1893 годзе. Могільнік унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік катэгорыі 3.

У 1934 г. раскопкі могільніка правяла экспедыцыя археалагічнага музея Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя пад кіраўніцтвам Алены Цэгак–Галубовіч. Супрацоўнікі экспедыцыі знялі план могільніка і даследавалі 29 насыпаў. У 1975 і 1985 гг. помнік абследаваў Я.Г. Звяруга. У 1987 г. даследаванні ў Наўрах былі адноўлены экспедыцыяй гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам В.Н. Рабцэвіча і А.М. Плавінскага. Было раскапана 9 курганоў і зняты новы план асноўнай курганнай групы – група І.

У 2012 г. даследаванні курганнага могільніка Наўры былі адноўлены археалагічнай экспедыцыяй Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.А. Плавінскага.

У 2015 і 2016 і 2018 гг. экспедыцыя Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута ім. А.Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам М.А. Плавінскага працягнула раскопкі ў Наўрах.

У 2017 г. на раскопкі і разведкі каля в. Наўры было выдана адразу тры адкрытыя лісты: А.М. Плавінскі, М.А. Плавінскі, В.А. Плавінскі. Цэлая археалагічная сям’я даследавала курганы а таксама бескурганныя пахаванні каля в. Наўры.

Археолаг не шукае сенсацый, аднак верыць у тое, што ён стварае гісторыю, што менавіта ён знойдзе нешта такае, што дасць адказы на ўсе праблемныя навуковыя пытанні. Амбіцыі рэч складаная, без іх цяжка займацца навукай…

Даследаванні бескуганных пахаванняў каля в. Наўры ажыццяўлялася сіламі валанцёраў. Для іх адмыслова быў створаны археалагічны валанцёрскі летнік “Наўры–2019”. Усяго за час працы летніка ў ім прынялі ўдзел больш за 40 чалавек. Спіс валанцёраў вельмі вялікі: В. Віннікава, А. Мядзведзеў, А. Кадэйкіна, П. Жулька, А. Харашэй, С. Лютых, В. Кэрэруш, А. Петрашэвіч, В. Макоўская, А. Юрэнок, К. Рогач, А. Васільева, В. Мядзведзева, А. Клешчанка, А. Барадзіна, Н. Прохарава, І. Мядведскі, А. Лашук, А. Семяновіч, М. Сцяпанава, У. Тылецкі, У. Шульжыцкі, П. Трыгубенка, М. Шэлег, Ю. Усціновіч, і інш. Ваданцёры жылі ў намётах, ежу гатавалі на вогнішчы – уся археалагічная рамантыка ў адным месцы.

Тыя асобы, без якіх нічога не атрымалася. Многія з гэтых людзей вельмі далёкія ад гістарычнай навукі

У працы летніка прынялі ўдзел і супрацоўнікі музея: В. Васільеў, Д. Сцепаненка, Н. Лісейчыкава, І. Дойнікава.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку НГМ РБ Ірына Дойнікава падчас працы

У экспедыцыі меўся навуковы кансультант, загадчык кафедры сацыяльна–гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт М.А. Плавінскі.

М.А. Плавінскі – навуковы кансультант экспедыцыі і адзін з даследчыкаў курганнага могільніка Наўры

Само паняцце археалагічнага летніку мае мэтай стварэнне пэўнай грамадскай супольнасці, заахвочвае людзей цікавіцца мінулым сваёй краіны і непасрэдна прыняць удзел у даследаваннях. Таму ў летнік набіраліся людзі самых розных прафесій: пачынаючы ад фармацэўтаў, скончваючы скрам майстрамі (Scrum–master). Умоўна летнік “Наўры–1019” складаўся з навуковай часткі і выхаваўчай. Першую частку дня валанцёр мусіць махаць рыдлёўкай, абсыпацца зямлёй – быць археолагам, а пад вечар валанцёр слухае лекцыі, удзельнічае ў нейкіх імпрэзах і становіцца часткай нечага іншага, чым ён быў да гэтага. Так, лектарамі з’яўляліся М.А. Плавінскі, які расказваў пра крывічоў, В.М. Васільеў з лекцыяй пра фібулы, К. Шыталь, які распавёў пра жыццё Беларускага Паазер’я за часамі Другой Рэчы Паспалітай. А.М. Мядзведзеў распавядаў усім ахвотным пра сучасныя метады планавання (Kanban), якія шырока выкарыстоўваюцца ў IT–кампаніях.

Лекцыя навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі В.М. Васільева пра фібулы. Навуковы кансультант экспедыцыі быў вельмі зацікаўлены…

Лекцыя Кастуся Шыталя

Лекцыя Алега Мядзведзева пра сучастныя методыкі кіравання і імправізаваная Kanban дошка

Усяго за час працы экспедыцыі было раскапана больш за 120 кв.м.

Адзін з рабочыхз момантаў: раскоп, выбраны да мацерыка

Рабочы момант: здымка дзірвану з раскопа. Падчас летніка з’явіўся тэрмін: археалагічны рол

Падчас раскопак вядзецца палявая дакументацыя, на коэны раскоп і шурф яна асобная. Галоўнае не паблытаць

Дзяніс Канецкі за разборкай квадрата. Увесь культурны слой здымаўся савочкамі, так што можна было заўважыць самую дробную кальцынаваную костку

Усе знаходкі пазначаліся шпажкамі для канапэ – каб прасцей было пабачыць, што наносіць на план. Тут шпажкай пазначаны дробныя кавалкі лепленай ад рукі керамікі

Паўліна Жулька за разборкай аб’екта. Каму як зручна, той так і капае

Рабочы момант: чарга на прасейку

Рабочы момант: самая адказная праца – прасейка культурнага слоя

У выніку на раскапанай тэрыторыі было зафіксавана 6 аб’ектаў, якія папярэдне можна аднесці да бескурганных пахаванняў. Некалькі такіх пахаванняў не утрымлівалі інвентару, частка мела керамічны матэрыял і фрагменты бронзавых упрыгажэнняў.

Аб’ект 8: пляма попелу з кальцынаванымі косткамі і фрагментамі жаночых упрыгажэнняў

Адзін шурф выявіў моцна сплошчаны курган, у якім было зафіксавана пахаванне па абрадзе крэмацыя, якое ўтрымлівала жалезную спражку.

Косткі з пахавання з выяўленага кургана

Сустрэты інвентар адносіцца да культуры смаленска–полацкіх доўгіх курганоў, аднак маюцца фрагменты ўпрыгажэння, аналагаў якому ў дадзенай культуры няма.

Рэчы, выяўленыя падчас раскопак: жаночыя ўпрыгажэнні, кераміка, пацерка, спражка, кальцынаваныя косткі і інш.

Такім чынам, пацвердзілася інфармацыя пра тое, што культура смаленска–полацкіх доўніх курганоў (летапісныя крывічы) хавала сваіх памерлых не толькі ў курганах. Бескурганныя пахаванні ў Наўрах ставяць перад даследчыкамі пахавальнай абраднасці мяжы І і ІІ тыс. пытанне пра наяўнасць бескурганных могільнікаў каля вядомых навуцы курганных могільнікаў крывічоў. Такім чынам, адкрываецца новая старонка ў даследаванні пытання пра эвалюцыю пахавальнага абрада канца І–пач. ІІ тысячагоддзяў на тэрыторыі Беларускага Падзвіння.

Даследаванні ў Наўрах будуць працягнуты ў наступным годзе. А ў гэтым годзе кожны валанцёр атрымаў шмат прыемных, незабыўных эмоцый, якія можна завесці ў горад. Кожны дзень быў напоўнены нечым новым, чалавечыя лёсы нешта з’яднала, і, мабыць, гэта агульная справа, агульная ежа, агульнае вогнішча…

Даследаванні ў Наўрах працягруцца ў будучым. Магчыма, хтосьці раскапае і гэты курган, парослы соснамі