Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Футбол – гульня мільёнаў!”

  • 25.09.2019

Гасцёўня Уладзіслава Галубка прадстаўляе выставу “Футбол – гульня мільёнаў!”

Паводле звестак ФІФА, у футбол на планеце гуляюць каля 250 мільёнаў чалавек. З іх больш за 20 мільёнаў – жанчыны. А што вядома не асабліва дасведчаным пра гульню мільёнаў? Прапануем пазнаёміцца з дапамогай выставы “Футбол – гульня мільёнаў!”.

На экспазіцыі прадстаўлена вялікая колькасць прадметаў, звязаных з любімай гульнёй велізарнай колькасці людзей – футболам: спартыўная форма розных краін і клубаў з аўтографамі ўдзельнікаў (футболкі, у аналагах якіх выступалі легендарныя Пеле, Зідан і Ранальдзіньё, Андрэй Шаўчэнка, Месі і Раналду). Цікавая гэтая форма тым, што яе выпускаюць абмежаваным тыражом, усяго каля 2 тысяч асобнікаў. Наведвальнікі змогуць убачыць афіцыйную гульнявую і трэніровачную форму клуба “Рэал Мадрыд”. Самым каштоўным экспанатам з’яўляецца футболка з аўтографам Дыега Марадоны.

Раздзел экспазіцыі “ружы для фанатаў” уключае шалікі, з якімі заўзятары прыходзяць паглядзець гульню любімага клуба. Найбольш каштоўныя тыя, што вырабляюцца да пэўнага матча: на іх размяшчаюцца дата правядзення і назвы каманд з эмблемамі клуба.

Частка экспазіцыі “Футбол – гульня мільёнаў!” прысвечана ўваходным квіткам на гульні, якія праходзілі не толькі ў Беларусі, але і Еўропе. Сярод арыгіналаў квіткі з матчаў Лігі Еўропы і Лігі чэмпіёнаў.

Выстава зацікавіць нават тых, хто абыякавы да футбола. Разнастайнасць наклеек, паштовак, часопісаў, газет, а самае галоўнае – аўтографы футбалістаў уразяць кожнага. Шырока прадстаўлена сувенірная прадукцыя, прысвечаная спаборніцтвам: афішы, значкі, бірулькі, фігуркі, фатаграфіі, календары і многае іншае.

Прадметы на выставе падзелены па групах, звязаных з наймацнейшымі клубамі і зборнымі свету. Асаблівае месца адведзена расійскаму мундыялю 2018 года. Атрыбутыка сусветнага першынства прадстаўлена ў выглядзе пашпарта заўзятара, альбома з наклейкамі футбалістаў–удзельнікаў, а таксама сімвала чэмпіянату – ваўка Забівакі.

Наведаўшы выставу, жыхары і госці горада змогуць даведацца аб цікавых падрабязнасцях з гісторыі футбола: напрыклад, што Англія не з’яўляецца радзімай займальнай гульні, чаму міжнародная футбольная асацыяцыя забараніла жыхарам Грэнландыі мець каманду, і колькі часу заняў самы доўгі футбольны матч.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных: з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак: (017) 243 –74–03