Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя новага выставачнага праекта “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”: калекцыя гадзіннікаў

  • 02.10.2019

У лістападзе Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе новы выставачны праект “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”. Сёння збіральніцтвам ахоплена ледзь не ўсё чалавецтва, пры гэтым аб’ектамі калекцыянавання лічацца не толькі ўнікальныя артэфакты, але і прадметы масавай вытворчасці. Гэты феномен набыў новыя, часам незвычайныя формы, да прыкладу, збіранне ўражанняў, эмоцый… Але ці можна ўсё гэта назваць сапраўдным калекцыянаваннем? У пэўнай ступені выстава дае адказ на гэтае пытанне.

Паказ складаецца з 2–х частак: першая коратка знаёміць з гісторыяй узнікнення прыватных збораў у Беларусі ад 16 стагоддзя на прыкладзе прадметаў з былых калекцый Радзівілаў, Паскевічаў і іншых. Наступная шырока прэзентуе прыватныя і карпаратыўныя калекцыі, грамадскія арганізацыі калекцыянераў, прыватныя музеі. Не толькі праз шматлікія артэфакты, большасць якіх будзе паказана ўпершыню, але і з дапамогай тлумачальных тэкстаў даецца уяўленне пра тое, як сапраўдны калекцыянер працуе са сваім зборам.

На працягу кастрычніка мы будзем знаёміць аматараў гісторыі, мастацтва з найбольш адметнымі рарытэтымі і зборамі, якія можна будзе ўбачыць на выставе ў лістападзе.

Пачнем з калекцыі гадзіннікаў, якая паступіла ў збор Дзяржаўнага музея БССР (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1988 годзе ад калекцыянера Фішара Эпштэйна. Калекцыя складалася з 26–ці прадметаў – настольных, камінных, кішэнных гадзіннікаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзя. Сярод кішэнных гадзіннікаў асобнае месца займаюць тыя, што вырабленыя ў маленькім швейцарскім гарадку Лё–Локль, размешчаным у Юрскіх гарах. Гэты гарадок – радзіма вядомых ва ўсім свеце марак гадзіннікаў – Tissot, Ulysse Nardin, Zenith, Павел Бурэ. Дзякуючы вытворчасці гадзіннікаў і яго адметнай планіроўцы горад Лё–Локль называюць “Горадам дакладнасці”, а ў 2009 годзе ён унесены ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Адзін з гадзіннікаў з былой калекцыі Эпштэйна змяшчае на вечку механізма выявы 5–ці медалёў і надпісы на французскай мове (“Залаты медаль, Мілан, 1906. Конныя спаборніцтвы, Льеж, 1905”), якія адлюстроўваюць спартыўныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя.

Не менш цікавым уяўляецца камінны гадзіннік сярэдзіны 19 стагоддзя. Выраблены майстрамі Заходняй Еўропы, ён упрыгожаны бронзавай фігурай амура, які трымае маленькую птушку. Камінныя гадзінннікі набылі папулярнасць у 18–19 стагоддзяў разам з шырокім палацавым будаўніцтвам, неад’емным інтэр’ерным элементам якога былі каміны. Варта адзначыць, што над вырабам камінных гадзіннікаў працавалі механікі, ліцейшчыкі, чаканшчыкі, пазалотчыкі, а скульптурная форма выраблялася ў тэхніцы ліцця з васковай мадэлі.