Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”: прыватная калекцыя Ігара Бархаткова

  • 04.10.2019

На выставе “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры” сярод іншых будзе прадстаўлена прыватная калекцыя Ігара Бархаткова.

Ігар Бархаткоў дзеліцца ўспамінамі: “У сярэдзіне 1990–х гг. да нас прыязджала шмат замежных калекцыянераў, якія набывалі творы беларускіх мастакоў у вялікай колькасці і за бясцэнак. Беларусы гэтаксама куплялі жывапіс сваіх суайчыннікаў, але, як правіла, не больш за адну–дзве працы. Такая сітуацыя выклікала ў меня крыўду. Менавіта ў гэты час я і пачаў збіраць беларускі жывапіс і ў якасці прыярытэту абраў высокую якасць жывапісу. Я не набываў творы знакамітых мастакоў – іх карціны і так шырока прадстаўлены ў музеях. Так у маю калекцыю трапілі палотны Вячаслава Кубарава, Івана Карасёва, Мікалая Тарасікава, якія набылі вядомасць пазней. Маё захапленне падтрымалі іншыя: Іна і Аляксандр Радаевы, Юрый Бокач, Іна Гаўрылава – і такім чынам мы разам уратавалі таленавітыя творы беларускіх мастакоў ад вывазу за мяжу”.

Адзін з твораў калекцыі Ігара Бархаткова, які будзе паказаны на выставе “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”, напісаны ў 1920 г. і належыць пэндзлю Аскара Марыкса. Партрэт яго жонкі, прыгажуні Ганны Бергер, мінскай віяланчэлісткі, прадстаўніцы вядомай музычнай дынастыі – адзіны даваенны твор Марыкса, які яму ўдалося ўратаваць ад рук фашысцкіх захопнікаў.