Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”: копія помніка каралю Сігізмунду ІІІ

  • 15.10.2019

У выставачным праекце “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры” бярэ ўдзел Музей гісторыі прыватнага калекцыянавання – філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Музей захоўвае зборы калекцыянераў Віцебска ХІХ–ХХ стагоддзяў: Аляксея Сапунова, Аляксандра Семянтоўскага, Карла Бергнера і іншых. У экспазіцыі музея прадстаўлены збор Вацлава Федаровіча, які ў 1880–я гады стварыў першы прыватны музей у Віцебску, калекцыі Антона Брадоўскага – стваральніка Віцебскага губернскага музея, а таксама нумізматычны збор Івана Галькевіча.

Першай паловай ХІХ стагоддзя датуецца паменшаная копія скульптурнай кампазіцыі помніка каралю Сігізмунду ІІІ, усталяванага ў Варшаве на Замкавай плошчы. Аўтарамі праекта помніка, які часта называюць “Сігізмундаў стоўп”, выступілі Аўгусцін Лочы і Канстанціно Ценкала (дарэчы, апошні з іх, па некаторых звестках, прымаў удзел у будаўніцтве базілікі св.Пятра ў Рыме), скульптурная частка створана Клементам Молі. Помнік, вышыня якога дасягае 22 м, а статуя караля – 27,5 м, узведзены ў 1644 годзе і лічыцца адным з сімвалаў польскай сталіцы.

З прыватнай калекцыі Вацлава Федаровіча гэты артэфакт паступіў у збор Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ў даваенны час.