Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры": какошнік 18 стагоддзя

  • 16.10.2019

Адна з прыватных калекцый, якая будзе прадстаўлена ў рамках выставачнага праекта “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”, атрымала ад свайго ўладальніка назву “Моц прыцягнення”. Гэтай назваю калекцыянер выказвае сваё захапленне прыгажосцю і гармоніяй артэфактаў, якія збірае, а іх у калекцыі сёння налічваецца больш за тысячу. Кірунак збору – славянскі тэкстыль: какошнікі, паневы, спадніцы, сарафаны, паясы, наміткі і іншыя прадметы адзення, якое насілі ў 18 – пачатку 20 стагоддзя жыхары Беларусі, Украіны, Расіі.

Адзін з какошнікаў калекцыі датуецца 18 стагоддзем і вылучаецца асаблівай вытанчанасцю. Аналагічныя жаночыя ўборы былі распаўсюджаны ў паўночных абласцях Расіі. Яны адрозніваюцца ад какошнікаў поўдня формай: паўночныя рабіліся ў форме аднарогавага конусу, паўднёвыя – двухрогавага.

Назва “какошнік” паходзіць ад старажытнарускага слова “кокошь”, што азначае “певень”. Існуюць розныя версіі яго паходжання: з Візантыі, Манголіі, Мардовіі… Так альбо інакш, лічыцца, што, як, дарэчы, і іншыя галаўныя жаночыя ўборы, ён узнік дзякуючы павер’ю, што распушчаныя валасы жанчын могуць прынесці няшчасце ў сям’ю і цэлую вёску. З гэтай прычыны іх трэба было хаваць пад галаўны ўбор.