Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» ў Музеі–сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага

  • 01.11.2019

1 лістапада а 16–й гадзіне ў Музеі–сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» (да 200–годдзя кампазітара).

Станіслаў Манюшка – выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі. Нарадзіўся 5 мая 1819 г. у фальварку Убель на Міншчыне. Вучыўся музыцы ў знакамітага мінскага педагога Дамініка Стэфановіча, пазней працягнуў навучанне ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена ў Берліне. Пасяліўся ў Вільні, дзе служыў арганістам касцёла Святых Янаў. Пазней Станіслаў Манюшка створыць «Вастрабрамскія літаніі» і зборнік літургічных спеваў «Песні нашага касцёла».

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Манюшка пакінуў Мінск юнаком, родны горад вабіў кампазітара. Тут праходзілі яго першыя тэатральна–музычныя пастаноўкі: «Канторскія служачыя», «Латарэя», «Рэкруцкі набор». У салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам.

Пазней кампазітар пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы пятнаццаць опер, у тым ліку знакамітую «Гальку» (1848, 1858), «Слова гонару» («Verbum Nobile», 1861), «Страшны двор» (1865). У творчай спадчыне Манюшкі, акрамя опер, аперэт, рамансаў, кантат – больш за трыста песень на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, У. Сыракомлі, А. Адынца, Т. Зана і іншых, аб'яднаных у дванаццаць «Хатніх спеўнікаў».

На выстаўцы будуць прадстаўлены копіі малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, партрэты родных Станіслава Манюшкі, замалёўкі мясцовых пейзажаў, афішы і фатаграфіі пастановак твораў кампазітара на сцэнах сучасных тэатраў. Творы сучасных беларускіх мастакоў, створаныя адмыслова да юбілею кампазітара, дапоўняць выстаўку.

Выстаўка дэманструецца да 29 лістапада.

Адрас: а–г Залессе,

Смаргонскі р–н,

Гродзенская вобл.

01592–4–54–84