Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава па выніках XVI Латвійскага трыенале медальернага мастацтва

  • 20.11.2019

20 лістапада а 17–ай гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава па выніках XVI Латвійскага трыенале медальернага мастацтва.

Выстава арыгінальная і незвычайная ў многіх сэнсах. Па–першае, гэта праект, задуманы для Латвіі, які на працягу ўсяго часу яго правядзення (а гэта амаль паўстагоддзя!) ніколі не пакідаў межаў гэтай краіны. Па–другое, перад мінскім гледачом разгорнута ці не першая за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў спецыяльная выстава медаля, дзе можна адначасова бачыць творы больш двух дзесяткаў замежных аўтараў, якія звяртаюцца да такога асаблівага віда скульптуры малых формаў.

Традыцыя медальерных трыенале ў Латвіі пачалася ў 1973 годзе. Натхняльнікам і арганізатарам першай рэспубліканскай выставы медаля была скульптар і медальер Валянціна Зэіле, якая дала гэтаму віду пластычнага мастацтва новае дыханне. З’яўляючыся ўжо больш за паўстагоддзя парыжанкай, Валянціна рэгулярна дасылае свае творы для Трыенале медаля. На гэтай выставе прадстаўлены яе медаль «Ян Сібеліус».

Трыенале медаля прадстаўляе работы латвійскіх медальераў за апошнія тры гады. У гэтай выставе прымаюць удзел 24 аўтары з 76 работамі. Сярод удзельнікаў Трыенале – 12 сяброў Міжнароднай федэрацыі медальернага мастацтва FIDEM: Андрыс Берзінш, Гіртс Бурвіс, Вія Дзінтарэ, Лігіта Францкевіча, Мара Міцкевіча, Інэса Натрыня, Нікіфс (J. Nikiforovs), Святлана Савельева, Бруна Страўціньш, Яніс Струпуліс, Антра Уртанэ і Гунта Земітэ, пяць студэнтаў аддзялення скульптуры Акадэміі мастацтваў Латвіі: Вікторыя Галкіна, Луізэ Ліндэ, Ганна Отсалайнэн, Ота Холгерс Озалінш і Карнэлія Вітола. Дэбютанты прыўносяць новыя тэндэнцыі і новыя матэрыялы.

Праект арганізаваны пры падтрымцы Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Куратар выставы – кандыдыт мастацтвазнаўства Міхась Цыбульскі.

Выстава будзе працаваць па 12 снежня 2019 года.

Адрас музея: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12.

Тэлефон 8 (017) 327 43 22.