Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Ян Камар. Фатограф з Нянькава"

  • 05.02.2020

У год Малой радзімы і з нагоды 100–гадовага юбілею aўтара Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе выставу “Ян Камар. Фатограф з Нянькава”.

Іван Ігнатавіч Камар – адзін са старэйшых фатографаў–аматараў Беларусі. Яго бацькі – простыя сяляне – Ігнат Парфенавіч і Алімпіяда Кліменцеўна з вёскі Нянькава, што на Наваградчыне. У гэтай невялікай і ўтульнай вёсачцы, якую ў свой час уславіў знакаміты беларускі палеантолаг і фалькларыст Уладзіслаў Дыбоўскі, Іван Ігнатавіч пражыў практычна ўсё сваё жыццё. Пачаўшы фатаграфаваць у 1958 годзе малафарматным “Зенітам–С”, ён працягвае здымаць і сёння, але на лічбавую камеру і смартфон.

З 97–гадовым Іванам Камаром мы пазнаёміліся падчас музейнай экспедыцыі, якая шукала аўтара вялізарнага фотаархіва міжваеннага часу. Тады, у верасні 2017 года, Іван Ігнатавіч уважліва вывучыўшы архіўныя фатаграфіі, знайшоў здымкі сваіх аднакласнікаў, і, не задумваючыся, назваў імя іх аўтара – Сава Сіўко. Гэта сустрэча стала своеасаблівай кропкай адліку, якая дала старт усім наступным знаходкам і адкрыццям. І адным з такіх адкрыццяў стала новае імя на небасхіле творчай фатаграфіі Беларусі 1950–х – пачатку 1960–х гадоў. Гэта той час, калі ў фатаграфію прыйшлі аматары–самавукі, прадстаўнікі розных прафесій, многія з якіх прайшлі вайну і рэпрэсіі. Часцей за ўсё гэта выхадцы з вёсак – Пётр Таранда з Зарытава, Фёдар Кавалёў (“Баразна”) з Неглюбкі, Пётр Хвіневіч (“Дзяд”) з Антонаўшчыны, Улляна Мельнік з Чэмерына і зараз Ян Камар з Нянькава.

У 1946 годзе, вярнуўшыся пасля дэмабілізацыі з арміі ў родную вёску, былы пехацінец Іван Камар некаторы час працаваў у калгасе, а затым краўцом па пашыве мужчынскага адзення ў камбінаце бытавога абслугоўвання ў вёсках Нянькава і Пантусавічы. У 1958–м, аддаўшы дзве сваіх зарплаты за новенькі “Зеніт”, вывучыўшы спецыяльную літаратуру, Іван Ігнатавіч пачаў фатаграфаваць сваіх родных, блізкіх, сяброў і знаёмых. На першы погляд сюжэты простыя – фота на дакументы, партрэты на памяць сваіх аднавяскоўцаў – дарослых і дзяцей,у іх простым паўсядзённым жыцці, у святы і будні. Звяртаўся і да даволі рэдкіх для вясковага фатографа сюжэтаў – нацюрморта і аўтапартрэтаў–сэлфі. Дасканалая кампазіцыя, пачуццё кадра, уменне выбраць той самы, неабходны момант здымкі робяць фатаграфіі Івана Камара яркімі і запамінальнымі, дазваляюць адчуць своеасаблівы каларыт беларускай вёскі канца 1950–х – сярэдзіны 1970–х гадоў.

Сёння больш двух тысяч яго фотанегатываў алічбаваны мінскім фотамастаком, куратарам выставы Альбертам Цэхановічам. Для юбілейнай экспазіцыі адабраны найбольш яркія і цікавыя кадры, якія Альберт Цэхановіч надрукаваў уручную з аўтарскіх фотанегатываў на старой фотапаперы 1980–х гг.

Таксама на выставе будуць прадстаўлены найкаштоўнейшыя дакументы сваёй эпохі: школьныя пасведчанні 1930–х гадоў, сшыткі вучня польскай, а затым беларускай савецкай школы Яна Камара, лісты і фатаграфіі з фронту ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Камара і шэраг іншых найцікавых матэрыялаў, перададзеных у дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею гэтым дзіўным чалавекам у 2017 годзе.

У рэжыме нон–стоп будзе дэманстравацца прысвечаны фатографу аднайменны кароткаметражны фільм, зняты ў 2019 г. Андрэем Васкрасенскім па сцэнары Альберта Цэхановіча.

Асобным акордам урачыстага адкрыцця выставы стане міні–прэзентацыя альбома–каталога Надзеі Саўчанка "Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага края", выдадзенага музеем у 2019 годзе пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі JTI ў Беларусі.

Фільм "Ян Камар. Фатограф з Нянькава".